Жыхары будуць кампенсаваць 50% выдаткаў на павышэнне энергаэфектыўнасці дома



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Дакументам вызначаюцца ўмовы і механізмы ўдзелу ўласнікаў жылых і нежылых памяшканняў у фінансаванні энергаэфектыўных мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання цеплавой энергіі ў шматкватэрных жылых дамах, скарачэнні выдаткаў на ацяпленне і павышэнні спажывецкіх характарыстык такіх дамоў.

Згодна з указам, рашэнне аб правядзенні названых мерапрыемстваў на добраахвотнай аснове прымае агульны сход удзельнікаў сумеснага домаўладання, калі за яго прагаласавалі ўласнікі, якія валодаюць больш чым дзвюма трацінамі галасоў. Прадугледжваецца, што ў фінансаванні энергаэфектыўных мерапрыемстваў магчымы долевы ўдзел бюджэту і ўласнікаў, а таксама прыцягненне на гэтыя мэты іншых крыніц, уключаючы пазыковыя сродкі міжнародных крэдытна-фінансавых арганізацый.

Уласнікі будуць кампенсаваць затраты толькі пасля завяршэння работ па павышэнні энергаэфектыўнасці дамоў. Памер кампенсацыі будзе вызначацца прапарцыянальна долi кожнага ўласніка ў агульнай плошчы жылых і (або) нежылых памяшканняў.

Указам устаноўлены парадак такога пакрыцця: для ўласнікаў нежылых памяшканняў, убудаваных у шматкватэрныя жылыя дамы, – у поўным памеры штомесяц роўнымі далямі на працягу 3 гадоў, для ўладальнікаў жылых памяшканняў – у памеры не менш за 50% ад затрат штомесяц роўнымі далямі на працягу 10 гадоў. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам дадзена права падаўжаць да 15 гадоў тэрмін кампенсацыі выдаткаў сацыяльна ўразлівым і малазабяспечаным грамадзянам.

zviazda.by