Драматычны тэатр імя Венгеркі пачынае чарговы навучальны год



Драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі ў Беластоку запрашае на чарговы навучальны год у тэатральных майстар-класах.

5 верасня пачнецца набор на заняткі для дзяцей, падлеткаў і дарослых. Ад 9 гадоў і да старэйшага узросту. Пра сваіх старэйшых вучняў расказвае інструктар групы, акторка Беластоцкага тэатра Агнешка Мажэйка-Шэкоўская.

– Цягам гэтых гадоў былі людзі розных прафесій: быў кардыёхірург, юрыдычны дарадца, суддзя, настаўніцы ды іншыя. І ўсе яны маюць патрэбу паспрабаваць свае сілы на сцэне.

Дзве гадзіны ў тыдзень, падчас якіх выкладаюць асноўныя тэатральныя дысцыпліны, – заўважае каардынатарка праекту ў Беластоцкім тэатры Эмілія Рагальская:

– Працуем над інтэрпрэтацыяй тэксту, над сцэнічным рухам, дыкцыяй. Набор пачынаецца 5 верасня. Прыярытэт маюць асобы, якія ўдзельнічалі ў папярэднім сезоне тэатральных заняткаў. Залічэнне адбываецца праз форму на інтэрнэт-старонцы тэатру.

Летась больш за 160 чалавек скончылі такія заняткі. Яны адбываюцца цягам усяго тэатральнага сезона, а напрыканцы, кожная група паказвае спектакль.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота zabytek.pl