“Габрэйскае шчасце” Ісаака Іткінда



Фотавыстава “Вядомы і невядомы скульптар Ісаак Іткінд” была прэзентаваная ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі на Смаргоншчыне.

На імпрэзе прысутнічалі госці са Смаргоні, Брусэля і нават далёкага Ізраіля. Прыехалі дочкі іншага таленавітага самадзейнага скульптара – Аляксандра Жываева, які нарадзіўся на Саратаўшчыне ў 1917 годзе, скончыў мастацкую вучэльню ў Віцебску і прыехаў жыць у Залессе ў 1945 годзе…  Імпрэзу правяла намесніца дырэктара музея-сядзібы Святлана Кенько. У сваім выступе яна згадала пра вядомых землякоў  (Паўла Южыка, Арсеня Ліса, Паўла Савоську…), а таксама распавяла пра жыццё і творчасць Ісаака Іткінда, якога падчас называюць Ван Гогам у скульптуры.

Іткінд быў насамрэч неардынарным чалавекам. Нарадзіўся каля Смаргоні ў сям’і хасідскага равіна і сам стаў равінам, але, працуючы пераплётчыкам у тыпаграфіі, убачыў кнігу пра знакамітага скульптара Марка Антакольскага і вырашыў крута змяніць сваё жыццё… Жыхары мястэчка нават збіралі грошы, каб адправіць таленавітага маладога чалавека вучыцца мастацтву! Вільня, Масква, праца з самім Шагалам і сапраўдны поспех ужо ў 1930-х гадах… Працы Ісаака Іткінда набыў брат амерыканскага прэзідэнта Рузвельта і неаднаразова зваў у Штаты. Скульптар адмовіўся.

Потым быў 1937 год і дзве важныя работы Іткінда. Адна з іх – “Паміраючы Пушкін” – прынесла славу і грошы. Іншая – “Расея ў ланцугах” – была прададзеная ў Фрынцыю яшчэ ў пачатку 1930-х, але сапраўдны “поспех” прыйшоў пазней, калі ўжо пажылога скульптара дапытвалі як шпіёна і збівалі дзевяць месяцаў. Потым саслалі ў Казахстан.

Заслужаны дзеяч мастацтваў РБ і ганаровы грамадзянін Смаргоні Уладзімір Церабун падчас свайго выступу ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага заўважыў: “Ёсць пра што гаварыць і што паказваць…” І гэта насамрэч так. Лёс закінуў Ісаака Іткінда – сына смаргонскага равіна, які таксама стаў равінам, але выбраў мастацтва! – спачатку ў Вільню і Маскву, а потым – у далёкі Казахстан. І такіх таленавітых землякоў, якія змаглі захаваць сябе насуперак рэпрэсіям, войнам і галечы, насамрэч варта памятаць. Што тычыцца Ітканда, то пра яго пачуццё гумару і аптымізм хадзілі легенды… Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Дар’я Ліс, Смаргонскі р-н, Беларускае Радыё Рацыя