Украіна ў жалобе



15 студзеня прэзідэнт Парашэнка абвясціў днём жалобы па загінулых у канфлікце на ўсходзе Украіны. Апоўдні памяць загінулых у абстрэле паблізу горада Валнаваха Данецкай вобласці ўшануюць  хвілінай маўчання. Адпаведны ўказ выдаў у сераду ўкраінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка. «Я прыняў рашэнне абвясціць 15 студзеня днём жалобы па ўсіх, хто загінуў ад рук тэрарыстаў, і ў першую чаргу па 12 мірных жыхарах, якія загінулі на блокпосце пад Валнавахай», — сказаў Парашэнка.

Колькасць забітых ад выстралаў «Граду» на гэты момант склала 13 чалавек, яшчэ 15 застаюцца ў шпіталях у цяжкім стане.

Сёння ва Украіне адмененыя забаўляльна-канцэртныя мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы, а ў праграмы тэле- і радыёперадач унесеныя адпаведныя змены. Сусветная супольнасць асудзіла абстрэл цывільнага аўтобуса ў Данецкай вобласці. Рада бяспекі ААН заклікала правесці аб’ектыўнае расследаванне гэтага абстрэлу, а ў ЕЗ і АБСЕ заклікалі выконваць умовы прымірэння. Спачуванні з нагоды трагедыі народу Украіны выказалі французскі прэзідэнт Франсуа Аланд і нямецкі канцлер Ангела Меркель. Абстрэл асудзілі і ў Вашынгтоне.

Пракуратура Данецкай вобласці пачала справу па артыкуле тэракт. Афіцыйны Кіеў звінаваціў у яго здзяйсненні прарасейскіх сепаратыстаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ru.tsn.ua