ХХ Трыялог у Крынках (абноўлена)
У якой рэчаіснасці існуюць беларуская літаратура і культура?
Адказу на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі ХХ Трыялогу ў Крынках на тэму “Сёння. Dzisiaj. Today”. Сярод панэлістаў – польскі дыпламат Марыюш Машкевіч, падляшскі пісьменнік Міхась Андрасюк, беларускі філосаф і пісьменнік Ігар Бабкоў, беларускі мастак Артур Клінаў ды іншыя асобы.
Беларускі Трыялог 20 гадоў таму запачаткаваў Сакрат Яновіч, а дапамагаў яму ў арганізацыі галоўны рэдактар “Часопіса” – Юры Хмялеўскі:
– Чаму гэтыя Трыялогі ўзніклі? Чаму Сакрат прыдумаў арганізаваць такія сустрэчы? Імпульсам была найперш сітуацыя ў самой Беларусі. Сакрат Яновіч моцна перажываў, што ў Беларусі, якая ўрэшце стала незалежнай краінай, незалежнай дзяржавай, не ёсць такая, якой быць павінна – не ёсць беларускай. Яго вельмі хвалявала тое, што ўлады, асабліва пасля 1994 году, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Рыгоравіч, абыякава адносіліся да літаратуры, да беларускай культуры.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Трыялог на працягу 20-ці гадоў значна змяніўся. Сёння гэта не камеральная сустрэча, а адкрытая дыскусійная пляцоўка, акрамя таго заўсёды прысутнічае мастацкая і музычная часткі. Так, сёлетні Трыялог завяршыўся выступамі Лявона Вольскага і падляшскага гурта “Прымакі”. Галоўным арганізатарам з’яўляецца фонд Villa Sokrates.
“Трэба адыходзіць ад выбару паміж Усходам і Захадам, калі гаворым пра Беларусь.
На змену прыходзіць новае мысленне”, – кажа польскі дыпламат Марыюш Машкевіч, удзельнік сёлетняга Трыялогу ў Крынках. На яго думку, цяпер варта думаць пра супрацу дзяржаў у розных галінах, бо эпоха падзелаў, прынятых яшчэ ў камуністычныя часы, зыходзіць у нябыт. “Варта глядзець у іншую перспектыву”, – дадае дыпламат:
– Зараз правінцыяльнай краіны не існуе. Мы ўсе знаходзімся і ў цэнтры, і ў правінцыі. Гэта залежыць ад стану нашага мыслення. Вельмі шмат мяняецца, і мне здаецца, што такія бальшавіцкія падыходы як Пуцін і ягоная каманда, гэта проста адыходзіць ужо. Гэтая эпоха ўжо памірае. Гэтыя людзі з такім станам мыслення будуць зараз сыходзіць, і мы мусім быць падрыхтаваныя да гэтага.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Мадэратар дыскусій у межах Трыялогу, беларускі музыка Лявон Вольскі, каментуючы рэчаіснасць, у якой існуе сённяшняя беларуская культура, называе яе парадаксальнай:
– Мы маем некалькі слаёў беларусаў, яны ўсе займаюцца розным, хтосьці працуе на карысць чагосьці і гэтыя розныя карысці для розных людзей. Таму так акрэсліць вельмі хутка немагчыма. Вельмі эксклюзіўная сітуацыя. Эксклюзіўна ўсё складвалася падчас СССР. І апошнія 25 гадоў таксама. Не бачу узораў іншых краін, таму што для нейкага чыноўніка з Міністэрства культуры абсалютна іншае бачанне Беларусі чым у мяне, напрыклад.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Сёлетні, 20-ты па ліку, Трыялог праходзіць пад назвай “Сёння. Dzisiaj. Today”. Пасля трох блокаў дыскусій на тэму беларускай рэчаіснасці, літаратуры і культуры, чакаюцца выступы Лявона Вольскага і падляшскага гурта “Прымакі”. Пачатак а 18-ай гадзіне ў Каўказскай сінагозе ў Крынках.
* * *
Выстава выбітнага беларускага мастака Артура Клінава і спектакль незалежнага тэатральнага праекту ГЭТАМЫ па кнізе “Радзіва Прудок” Андрэя Горвата паклалі пачатак Трыялогу ў Крынках.
Гэта XX юбілейнае мерапрыемства. Яго тэма – “Сёння. Dzisiaj. Today” – кажа старшыня Фонду Villa Sokrates – прафесар Лявон Тарасэвіч:
– Розныя людзі гавораць пра Беларусь і бачаць у ёй розныя рэчы. Яны часта не адлюстроўваюць праўды, і ў гэтым годзе мы хочам пагаварыць, якая ёсць сапраўдная рэчаіснасць беларускай культуры. Тады, магчыма, у гэтых сустрэчах паўстануць пытанні, на якія можа і не адкажам цягам гэтых дыскусій.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Артур Клінаў рыхтаваў сваю выставу ў галерэі “Крынкі” на працягу некалькіх дзён. Творца вярнуўся да тэмы саломы, і назваў выставу “Салодкае саламянае жыццё 3”:
– Гэта вялікі серыял – саламянае жыццё. Я ўвёў вельмі шмат варыяцый у розных гарадах, краінах. І гэтым трэцім нумарам як бы распачынаю новы цыкл, новы серыял. Бо ў мяне невялікі перапынак быў у працы з саломай. А тут, дзякуючы запрашэнню Лявона Тарасэвіча і Фонду Villa Sokrates з’явілася магчымасць ізноў вярнуцца да саломы і зрабіць тут вось такі праект.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Галоўны дзень Трыялогу – гэта дыскусіі на тэмы літаратуры, культуры, і беларускай рэчаіснасці, мадэратарам якіх выступіць беларускі музыка Лявон Вольскі. Мерапрыемства пачынаецца аб 11-ай гадзіне ў Каўказскай сінагозе ў Крынках. Нашае Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца медыйным партнёрам.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
Крынкі запрашаюць на 20-ы Беларускі Трыялог. Гэта міждысцыплінарнае мерапрыемства высокага роўню, якое спрыяе стварэнню міжнароднага дыскурсу і камунікатыўнага ўзаемадзеяння, арыентаванага на розныя сферы творчасці. Ужо 19 гадоў арганізуе Трыялог Фонд Villa Sokrates.
Гэтае мерапрыемства запачаткаваў выбітны беларускі і польскі празаік і публіцыст Сакрат Яновіч, збіраючы ў невялікім падляшскім гарадку інтэлектуалаў з розных краін, і дыскутуючы на тэмы літаратуры, мастацтва, культуры, але таксама і палітыкі. 4 верасня яму споўнілася б 83 гады.
Кажа старшыня Фонду Villa Sokrates – прафесар Лявон Тарасэвіч:
– Сакрат з’явіўся ў 80-я бурлівыя гады ў Польшчы, калі палякі будавалі сваю новую праўду. І мы таксама сталелі. Сакрата я знайшоў, калі мы думалі рабіць першую “Бацькаўшчыну” – студэнцкі рэйд, які стаў нашым малым універсітэтам беластоцкім, бо ўсе людзі, якія прысутнічалі ў “Бацькаўшчыне”, потым сталі дзеячамі, пісьменнікамі, журналістамі, як бы стварылі цэлую эліту, калі нас так можна назваць. І ў гэты момант я таксама сталеў. Так што для мяне Сакрат стаў інтэлектуальным бацькам тут, на Беласточчыне. Бо першым быў Юрка Туронак. Тая інтэлектуальная плынь, якая дайшла да нас праз Туронка і Сакрата, гэта было тое, чаго мы патрабавалі. Яны сталі нашымі маральнымі бацькамі. І гэта добра, бо сёння з’явіліся малодшыя, каму мы можам усё гэта перадаць.
Юбілейны ХХ Беларускі Трыялог пад назвай “Сёння, Dziś, Today” пачнецца 6 верасня ў Галерэі „Крынкі” з адкрыцця выставы беларускага мастака Артура Клінава а 18-ай гадзіне. Пазней у Каўказскай Сінагозе пабачым незалежны тэатральны праект ГЭТАМЫ. У суботу – будзе магчымасць прыняць удзел у інтэлектуальнай дыскусіі людзей культуры з Беларусі, Польшчы і беларускага замежжа, а на канец – паслухаць канцэрты Лявона Вольскага і “Прымакоў”.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота gazeta.pl
