Актывістаў «нейтралізавалі» перад прыездам Лукашэнкі ў Берасце



Блогера Аляксандра Кабанава  нечакана выклікалі да пракурора Бярозаўскага раёна Аляксандра Круцько. Нібы па праверцы нейкай адміністрацыйнай справы ўжо закрытай, па якой Кабанава не дапыталі. 

Кабанаў лічыць, што такім чынам яго “нейтралізавалі” перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі на святкаванне 1000-годдзя Берасця,  кажа Аляксандр Кабанаў:

– Мы проста не павінны сёння знаходзіцца ў Берасці. Бо ўчора Сяргея Пятрухіна выклікалі ў Пінск у ГАУС на 11 гадзін, сёння ён у Пінску, каб апытаць у якасці сведкі. Мяне выклікалі сюды ў пракуратуру, актывістаў супраць будаўніцтва завода АКБ выклікалі каго ў АБЭЗ, каго ў міліцыю. Позвы ўчора ўручалі многім людзям менавіта на сёння на 10-11 гадзін раніцы.

Паводле Аляксандра Кабанава, яго выклікалі па тэлефоне, але яшчэ вырашылі данесці позву. Толькі атрымалася гэта непрафесійна. Участковы Бярозаўскага РАУС пайшоў на працу да жанчыны Кабанава, шукаў яе там, напалохаўшы калег.  Калі не знайшоў, пайшоў да яе дадому. А затым яшчэ па гэтай справе наведаў і старых бацькоў Кабанава.

У сваю чаргу ад Кабанава паступіла заява ў пракуратуру праверыць правамернасць такіх дзеянняў з боку міліцыянта.

Беларускае Радыё Рацыя