Леанід Лаўрэш: Месца, дзе стаіць помнік князю Гедыміну, знакавае ў гісторыі Ліды
Пісьменнік і краязнаўца з Ліды Леанід Лаўрэш лічыць, што месца, якое абралі, каб там стаяў помнік князю Гедыміну, – вельмі знакавае для Ліды.
Гэты кавалак зямлі ўвабраў у сябе ўсю гісторыю і самыя важныя падзеі з жыцця горада. Пачынаючы ад таго, што ўсе крыжацкія атакі на замак, які збудаваў Гедымін, пачыналіся менавіта з гэтага пагорка. Праз дарогу тут стаяць фарны касцёл і будынак былога лідскага магістрату. У міжваенны час акурат на гэтым месцы стаяў помнік польскай Незалежнасці. А сёння ўжо стаіць помнік вялікаму князю Гедыміну.
– Цікавейшае месца нашага горада! Сэрца горада. Паміж замкам і Фарным касцёлам, гэта горка перад замкам. У 28-м годзе па ініцыятыве гімназістаў лідскіх пачалі збіраць грошы, і ў 30-м годзе тут быў пастаўлены помнік польскай Незалежнасці. Такая стэла была з арлом і дошка з прозвішчамі тых, хто загінуў. Гэты помнік стаяў проста на гэтым месцы. Гэта, можна сказаць, намоленае месца. Месца культуры, месца, якое ведаюць усе лідзяне.
Афіцыйнае адкрыццё помніка Гедыміну ў Лідзе адбудзецца ў суботу 7 верасня. Пачатак мерапрыемства ў 12 гадзін 20 хвілін.
На фота: Леанід Лаўрэш ля помніка Гедыміну, на гэтым месцы раней стаяў помнік Незалежнасці
На фота: помнік Незалежнасці
На фота: Былы будынак гарадскога магістрата
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя