Канапацкая зарэгістравала ініцыятыўную групу



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам на парламенцкіх выбарах. Пра гэта яна паведаміла ў сацыяльных сетках.

Канапацкая вылучаецца па Кастрычніцкай выбарчай акрузе ў Менску. Яна адзначыла, што ініцыятыўная група пачынае сваю працу з пакватэрнага абходу для збору подпісаў. „8 верасня пачынаем камандай пакватэрныя абходы!” — напісала палітык.

Раней Канапацкая паведаміла БелаПАН, што мае намер вылучацца ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, пры гэтым збіраецца выкарыстоўваць перыяд збору подпісаў для дадатковай агітацыі.

„Я накіравала яшчэ 26 жніўня заяву ў Менскую гарадскую арганізацыю АГП замоўленым лістом з паведамленнем, — сказала БелаПАН Канапацкая. — Я ведаю працэдуру вылучэння ад уласнай партыі, ад якой вылучалася ўжо чатыры разы. Каб пазбегнуць пагалосак, я адкрыта заявіла, што маю намер вылучацца ад АГП. Гэта ні ў якім разе не гаворыць аб тым, што я не буду праводзіць збор подпісаў і што я не буду праводзіць агітацыю. Гэта проста заява аб тым, што я, як член партыі, прыняла рашэнне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі”.

У партыі БелаПАН паведамілі, што Канапацкая мае дзве магчымасці для вылучэння ад АГП — праз канферэнцыю Менскай гарадской арганізацыі 17 верасня і праз агульны з’езд, які пройдзе 29 верасня.

Член апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая была абраная дэпутатам Палаты прадстаўнікоў у 2016 годзе. Яна стала адной з двух прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія прайшлі ў парламент за апошнія некалькі скліканняў.

Чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.