З кветкамі – да палеглых герояў Аршанскай бітвы



Наведваць поле гістарычнай бітвы пад Воршай даўно стала традыцыяй для дэмакратычнай супольнасці рэгіёну.

Сёлета 8-га верасня на Крапівенскім полі было шматлюдна: на 505-я ўгодкі гэтай слаўнай падзеі ў беларускай гісторыі сюды прыехалі некалькі дзясяткаў гасцей.

Сабраліся людзі, не знаёмыя адно з адным, але аб’яднаныя адной мэтай – ушанаваць палеглых герояў, ваяроў ВКЛ, якія 8 верасня 1514 году здолелі перамагчы ўтрая большае войска Маскоўскага княства, кажа Юры Нагорны, кіраўнік грамадскай суполкі “Рша”:

– Кожны год сюды прыязджаем, людзі ўскладаюць кветкі. Вельмі прыемна, што сёлета тут вялікая дэлегацыя з Магілеўшчыны , з іншых гарадоў і раёнаў прыехалі. Вельмі прыемна, што памяць застаецца, што не зарастаюць сцежкі да помнікаў на Крапівенскім полі. І я ўсіх віншую са святам Аршанскай перамогі!

У прамовах каля помнікаў сёння гучала не толькі радасць за колішнюю перамогу продкаў, але і трывога за будучыню Беларусі. На думку мастака Алеся Пушкіна, у нашы дні зноўку стала актуальнай пагроза незалежнасці краіны:

– Сёння, стоячы на Крапівенскім полі, я хоць і радуюся і людзям, і парадку, але ўвесь час думаю: гэтае поле для нас актуальнае, як напамін пра тое, што нясе нам небяспеку. Гэта Расея.

Урачыстыя імпрэзы на Крапівенскім полі ў мінулыя 10 год сталі галоўнай альтэрнатывай бардаўскаму фэсту “Аршанская бітва”, які быў забаронены ўладамі і амаль што знік праз міліцэйскі пераслед. Але сёлета сюды ізноў прыехалі людзі з намётамі. І, хоць імпрэза атрымалася практычна камернай, тут уночы з 7 на 8 верасня зноўку гарэлі вогнішчы, гучалі музыка і вершы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя