“Габрэйскае шчасце”
Габрэйскае шчасце – гэта шчасце наадварот, да якога прадстаўнікі старажытнага і мудрага народу навучыліся ставіцца з гумарам… Што ж такое – шчасце беларускае?
Бадай, гэта пытанне спрэчнае і нявырашанае… Ходзяць беларусы па свеце і ніяк вырашыць не могуць, хто ж яны насамрэч і што ім патрэбна… Але што цікава? Падчас шляхі беларусаў і габрэяў супадаюць. Гісторыя Смаргоншчыны – яшчэ адзін таму доказ, асабліва гісторыя мастацтва. Фотавыстава “Вядомы і невядомы скульптар Ісаак Іткінд” была прэзентаваная ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі на Смаргоншчыне. Для многіх мясцовых жыхароў імя спадара Іткінда застаецца невядомым і сёння… Між тым гэты чалавек быў знаёмы з Маркам Шагалам і той у сваю чаргу называў Ісаака Іткінда Ван Гогам у скульптуры. Імя Шагала не так даўно сталі звязваць менавіта з Беларуссю.
Імя Іткінда ўвогуле доўгі час было такой сабе белай плямай гісторыі Смаргоншчыны… А чалавекам ён быў неардынарным і жыццё пражыў неверагодна доўгае, насычанае. Нарадзіўшыся побач з мястэчкам Смаргонь яшчэ ў 1871 годзе, ён паспеў пажыць у некалькіх стагоддзях і некалькіх дзяржавах. Сын мясцовага хасідскага равіна, які сам стаў равінам, але захапіўся мастацтвам і вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё… Іткінд робіцца скульптарам-самавукам, пра яго піша артыкул вядомы пісьменнік Перэц Гірштбейн, а мясцовая грамада хасідаў збірае грошы і адпраўляе земляка вучыцца ў Віленскую мастацкую вучэльню. Потым той трапляе ў Маскву, знаёміцца з Максімам Горкім, які ў 1918 годзе дапамагае арганізаваць яго персанальную выставу. Любімы матэрыял скульптара са Смаргоні – дрэва… Усё гэта цягне на сюжэт галівудскай стужкі, праўда? Асабліва калі пайсці далей і дайсці да 1930-х гадоў…
Вось тут габрэйскае шчасце Ісаака Іткінда праявілася на поўную моц! І калі спачатку акцэнт можна зрабіць менавіта на слове “шчасце” (поспех, поспех і яшчэ раз поспех!), то пазней напоўніцу праявілася злая іронія лёсу. Работа “Расея ў ланцугах” была ў штатным рэжыме прададзеная ў Францыю яшчэ ў пачатку 1930-х (дарэчы, тагачаснаму прэм’ер-міністру!), але сапраўдны “поспех” прыйшоў пазней, калі ўжо пажылога скульптара дапытвалі як шпіёна (чамусьці не французскага, а японскага!) і збівалі дзевяць месяцаў так моцна, што ён амаль страціў слых (паламаныя рэбры і зламаны нос – дробязі!) Петрапаўлаўская крэпасць, падвал, адзіночная камера… І ўвесь час у вязніцы Іткінд ляпіў фігуркі са сваёй хлебнай пайкі. Потым Сібір, Казахстан. 30 год лагераў, жыццё ў зямлянцы… І зноўку ляпіў і выразаў з усяго, што трапляла пад руку. Бадай, праца выратавала і дала пражыць амаль 100 год, дажыць да лепшых (ужо не галодных і не халодных!) часоў, атрымаць невялічкую кватэрку ў Алма-Аце.
З Казахстана Іткінд так і не вярнуўся, а яго працы цяпер знаходзяцца ў лепшых музеях свету (РФ, Казахстан, Францыя, ЗША…) У Беларусі няма ніводнай. Праўда, копіі завіталі ў Паўночныя Афіны.