Лукашэнка патрабуе жорстка бараніць інтарэсы Беларусі ў ЕАЭЗ



Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад урада рэалізацыі курса на паслядоўнае паглыбленне еўразійскай інтэграцыі пры жорсткім і папераджальным адстойванні нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Такую задачу ён паставіў сёння на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў, прадстаўляючы Андрэя Кабякова на пасадзе прэм’ер-міністра.

20140422sovmzasedf1

„Трэба на ўсіх узроўнях паслядоўна праводзіць палітыку стварэння раўнапраўнага звяза, без выключэнняў і абмежаванняў свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы”, – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь уступіла ў 2015 год як першы старшыня Еўразійскага эканамічнага звяза (ЕАЭЗ). Гэтая ганаровая місія „азначае яшчэ і цяжкую працу па развіцці еўразійскай інтэграцыі”, дадаў ён. „Механізмы адзінага рынку Еўразійскага звяза пакуль не адладжаныя. Працягваюць існаваць выключэнні і абмежаванні ў розных сферах дзейнасці. Не забяспечваецца ў поўным аб’ёме выкананне дасягнутых дамоўленасцяў. Назіраюцца абуральныя выпадкі аднабаковых дзеянняў краін-удзельніц у абход прынятых пагадненняў”, – канстатаваў Лукашэнка.

„У сувязі з гэтым маё патрабаванне да ўрада – рэалізоўваць курс на паслядоўнае паглыбленне еўразійскай інтэграцыі пры жорсткай і папераджальнай абароне нацыянальных інтарэсаў. Мы павінны выкарыстоўваць нашы канкурэнтныя перавагі, не прапусціць адкрытыя патэнцыяльныя магчымасці і заняць выгадныя нам нішы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, яго часта крытыкуюць, у тым ліку ў Расеі, за тое, што ён дзейнічае з пазіцый выгады беларускай дзяржавы. „Хіба не абсурдны папрок? А я з якіх інтарэсаў павінен дзейнічаць? І я заўсёды праз коску кажу: мы не павінны пры гэтым ствараць праблемы для нашых партнёраў і суседзяў”, – сказаў беларускі кіраўнік.

„Мы не супраць імпарту, але абараніць уласнага таваравытворцу мы павінны, – падкрэсліў ён. – І, як я разумею, урад пачаў ужо ў гэтым кірунку дзейнічаць. Зыходзіць трэба з уласных інтарэсаў, не ствараючы залішніх праблем для нашых суседзяў, партнёраў і гэтак далей. Трэба дзейнічаць, па крайняй меры, на ўзаемнай аснове”. Беларусь, дадаў Лукашэнка, больш свабодная ў гэтым плане, паколькі не мае асаблівых абавязацельстваў перад Сусветнай гандлёвай арганізацыяй.

belapan.by