Пра кітайскага паэта і Савет Рэспублікі



У Беларусі распачалося вылучэнне кандыдатаў у чальцы Савета Рэспублікі. Выйдзіце на вуліцы і спытайце, чым займаецца гэты самы Савет Рэспублікі. Перакананая, на гэтае пытанне мала хто зможа адказаць. З такім жа поспехам можна спытаць, што напісаў кітайскі паэт Бань Гу, які нарадзіўся ў 32 годзе нашай эры. Хіба што вам сустрэнецца ідэолаг, які, хоць вершы Бань Гу не працытуе, але затое прыадкрые таямніцу, для чаго ўсё-такі патрэбны гэты Савет Рэспублікі. Бо для большасці грамадзян Савет Рэспублікі – гэта такі орган, які нічым не займаецца, куды трапляюць ідэалагічна правільна падкаваныя пенсіянеры-вертыкальшчыкі і дзе някепска плацяць. А між іншым, менавіта Савет Рэспублікі адхіляе ці ўхваляе праекты законаў, якія прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Што праўда, за ўсю гісторыю існавання Савета Рэспублікі нямнога набярэцца законаў, якія гэты орган адхіліў. Усемагутны гугл падае толькі адзін такі факт: у 2006 годзе Савет Рэспублікі адхіліў праект закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Болей у сусветным павуцінні не згадваецца выпадкаў адхілення законаў. Прынамсі, самыя рэзанансныя законы засталіся па-за ўвагай Савета Рэспублікі. Напрыклад, дэкрэт “Аб супрацьдзеянні сацыяльнаму ўтрыманству” сябры Савета Рэспублікі нават не паспрабавалі адхіліць. Яно і зразумела: праспрабавалі б яны гэта зрабіць – адразу засталіся б без сваіх сенатарскіх фатэляў. 

А яшчэ Савет Рэспублікі дае згоду на прызначэнне прэзідэнтам старшыні Канстытуцыйнага суда, старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыні ЦВК і іншых. І вось тут таксама нешта не прыгадваецца, каб Савет Рэспублікі хоць раз не даў згоду на прызначэнне кагосьці на гэтыя пасады. Уяўляеце, каб сенатары не ўхвалілі на пасаду старшыні ЦВК Лідзію Ярмошыну. Хутчэй іншапланетнікі прызямляцца ў Менску, чым такое здарыцца. Карацей, нават ведаючы, чым павінен займацца Савет Рэспублікі, усё роўна не зразумела, чым ён увогуле займаецца насамрэч і для чаго ён патрэбны. Прынамсі, у цяперашнім выглядзе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ