У 17 гарадах Беларусі абнавіліся тэмпературныя максімумы



У 17 гарадах усіх абласцей, за выключэннем Берасцейскай, 9 верасня былі ўстаноўленыя новыя тэмпературныя рэкорды дня, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўнай карты тэмператур і архіва Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

У Магілёве паветра прагрэлася да 28,3 градуса (было 26,5 у 2005 годзе), у Гомелі — да 28,8 (28 у 1999-м).

Больш за ўсё рэкордаў устаноўлена ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях (дзевяць гарадоў). У Сянне было 27,4 градуса (26,7 у 2005 годзе), у Езярышчы — 26,9 (26,3 у 2005-м), Оршы — таксама 26,9 (26,5 у 2005-м), Верхнядзвінску — 26,8 (26 у 1972-м), Горках — 27,7 (25,7 у 1972-м), Касцюковічах — 27,5 (26,6 у 2005-м), Клічаве — таксама 27,5 (26,9 у 1999-м), Мсціславе — 27 (24,6 у 2018-м), Слаўгарадзе — 26,6 (26 у 1999-м).

Абнавіліся максімумы ў трох райцэнтрах Гомельскай вобласці: Брагіне — 29,2 (27,5 у 1999-м), Мазыры — 29,1 (28,8 у 1994-м) і Жлобіне — 28,5 (28,1 у 1999-м). У Мінскай вобласці населеных пунктаў з рэкордамі было два: Мар`іна Горка і Слуцк. Пры гэтым у першым горадзе пабіты рэкорд 75-гадовай даўніны (27,9 супраць 27,7 у 1944 годзе). У Слуцку паветра прагрэлася да 27,6 градуса (27,1 у 1994 годзе). У Ашмянах (Гарадзенская вобласць) зафіксавана 26,6 градуса вышэй за нуль (26,5 у 2005-м).

Паўтораны максімумы дня ў Лідзе Гарадзенскай вобласці (27,8 у 2005 годзе) і Лепелі Віцебскай (26,6 тады ж).

Цяплей за ўсё 9 верасня было ў Васілевічах (Гомельская вобласць) — 29,8. Аднак абсалютны максімум дня для ўсёй тэрыторыі краіны, які належыць гэтаму ж гораду, выстаяў (31,8 у 1944 годзе).

Да гэтага рэкорды фіксаваліся 2 і 3 верасня.

Як раней паведамляў БелаПАН, першая трэць сёлетняга лета была анамальна гарачай, новыя тэмпературныя максімумы фіксаваліся 18 дзён чэрвеня (з 4-га па 17-е, 20-га, 21-га, 26-га і 30-га) і 1 ліпеня. Сярэдзіна лета аказалася самай халоднай за апошнія 20 гадоў. Тэмпературныя антырэкорды ночы абнаўляліся 4, 5 і 13—16 ліпеня, а таксама 3—6 жніўня. Другая палова жніўня была цёплай, 21 жніўня на адной з метэастанцый (Пінск) быў абноўлены рэкорд дня.

У найбліжэйшыя дні вельмі цёплае для гэтай пары надвор`е захаваецца.

БелаПАН