Тарыфы на паслугі ЖКГ у 2020 годзе будуць падвышацца за два этапы
Тарыфы на паслугі ЖКГ у Беларусі ў 2020 годзе будуць падвышацца за два этапы. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце „Рэспублiка” паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў.
Па словах віцэ-прэм’ера, цяпер штогадовы рост тарыфаў на паслугі ЖКГ у рэспубліцы не перавышае $5. Гэтаму спрыяе зніжэнне выдаткаў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, што ў сваю чаргу дазваляе практычна па ўсіх відах паслуг выйсці на іх сабекошт. Акрамя ацяплення і гарачага водазабеспячэння, беларусы ўсе астатнія віды паслуг аплачваюць ўжо на 100%. Далей іх павышэнне магчыма толькі індэксацыяй, адзначыў Уладзімір Кухараў.
Ён нагадаў, што ў гэтым годзе былі зменены падыходы да тарыфаў: „Калі раней з 1 студзеня ўздымалі на $5 тарыфы, то з гэтага года падзялілі павышэнне на два этапы. З 1 студзеня ўзнялі на $3,9, а з 1 чэрвеня на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне – на $1,1. Бачым, што такую тэндэнцыю трэба працягваць. На наступны год плануем таксама ў два этапы павышаць, і прыкладна ў такой жа прапорцыі”.