Пасол Еўразвяза Шубель уручыў копіі даверчых грамат Макею
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей 10 верасня сустрэўся з новым кіраўніком прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дзіркам Шубелем.
Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, Шубель уручыў міністру копіі даверчых грамат.
Бакі абмеркавалі стан і перспектывы адносін паміж Беларуссю і Еўразвязам. „З улікам даўняй далучанасці Шубеля да праблематыкі беларуска-еўрапейскіх адносін бакі засяродзіліся на ключавых пытаннях сумеснага парадку дня: развіцці дагаворна-прававой базы, падрыхтоўцы да падпісання пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі, планаванні праграм фінансавага садзейнічання ЕЗ для Беларусі, арганізацыі ў Беларусі мерапрыемстваў па лініі Усходняга партнёрства”, — адзначаецца ў паведамленні.
Макей канстатаваў наяўнасць „значных дасягненняў” у дыялогу паміж Мінскам і Бруселем і адзначыў „своечасовасць прызначэння ў гэты момант на пасаду кіраўніка дыпмісіі ЕЗ аднаго з найбольш вопытных куратараў беларуска-еўрапейскіх адносін з пункту гледжання замацавання і нарошчвання дасягнутай пазітыўнай тэндэнцыі”.
Міністр спадзяецца, што абнаўленне кіраўніцтва прадстаўніцтва ЕЗ і фарміраванне новага складу Еўракамісіі будуць спрыяць прагрэсу ў заключэнні новага асноватворнага пагаднення Беларусь — ЕЗ (базавае пагадненне аб партнёрстве. — БелаПАН.).
Макей пажадаў Шубелю поспехаў у працы на новай пасадзе на карысць беларуска-еўрапейскіх адносін, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.