Еўрапейскі тыдзень мабільнасці пройдзе ў Гародні



Еўрапейскі тыдзень мабільнасці (EHM) будзе праводзіцца ў Гародні. Галоўная мэта тыдня – агітацыя за актыўны лад жыцця, а таксама за правы шырока выкарыстоўваць экалагічны транспарт у гарадах, якім з’яўляецца ў тым ліку ровар.

Грамадская арганізацыя „ВелаГродна” хоча актыўна выкарыстаць гэты час, каб сабраць звесткі для развіцця ў будучым належнай роварнай інфраструктуры. Тыдзень будзе праводзіцца з 16-га па 22 -га верасня. Кажа кіраўнік аб’яднання „ВелаГродна” Юлія Каляда:

– У гэтым годзе мы запрашаем прыняць удзел у падліку раварыстаў. Для любога горада важнае мерапрыемства. Мы такі падлік правялі ў 2017 годзе, і хочам правесці яго зараз. Такія дадзеныя нам патрэбныя для таго, каб назіраць дынаміку, змяненні колькасці раварыстаў. Бачыць кропкі ў горадзе, дзе трафік раварыстаў найбольшы і найменшы. І ў сваёй працы мы гэтыя раёны ўлічваем, каб была дасяжнасць і зручнасць.

Цягам тыдня будзе праводзіцца падлік раварыстаў на 15 пунктах горада. Для гэтага патрэбныя 20 валанцёраў, якія б тры разы на дзень ( з 7.00 да 9.00, з 12.00 да 14.00 і з 17.00 да 19.00) рабілі фіксацыю колькасці раварыстаў на сваіх пунктах.  Для жадаючых прыняць удзел у падліку, рэгістрацыя па спасылцы. 

Таксама гарадзенцы запрашаюцца да ўдзелу ў кампаніі велапаркоўка.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня