«Юнацтва» прайграла першы матч пад кіраўніцтвам Макрыцкага



Менскае „Юнацтва” ў першай гульні чэмпіянату Беларусі па хакеі пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Аляксандра Макрыцкага саступіла „Дынама-Маладзечна” з лікам 1:4. 

У жніўні каманды згулялі ў фінале Кубка Салея. Шматразовы чэмпіён Беларусі „Юнацтва” апынуўся мацнейшым 3:2 і шосты раз выйграў ганаровы трафей. Напярэдадні Міхаіл Захараў пакінуў пасаду настаўніка „Юнацтва” і засяродзіцца на працы з нацыянальнай зборной. У іншых матчах чэмпіянату Беларусі па хакеі „Нёман” у авертайме абыграў „Гомель” — 4:3 – вырашальную шайбу закінуў Віктар Туркін, а „Металург” такім жа чынам святкаваў перамогу над „Лідай” – 3:2.

«Зубры» пачынаюць хатнюю серыю

Хакеісты менскага „Дынама” пасля трох выязных матчаў сёння пачынаюць серыю з чатырох хатніх сустрэч чэмпіянату КХЛ. У першай з іх дынамаўцы  на лёдзе „Мінск-Арэны” прымуць навасібірскую „Сібір”. Акрамя таго, падначаленыя Крэйга Вудкрафта 15 верасня згуляюць з магнітагорскім „Металургам”, 18 верасня – з хабараўскім „Амурам”, 21 верасня – з фінскім „Йокерытам”. У турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ менскае „Дынама” займае цяпер 11-е месца, набраўшы 2 ачкі, як і яраслаўскі „Лакаматыў”.  Напярэдадні стала вядома, што абаронца „Дынама” Павел Дзянісаў ўнесены ў спіс траўмаваных. Хакеіст атрымаў пашкоджанне ў матчы з маскоўскім „Спартаком”, які завяршыўся на карысць „зуброў” з лікам 5:4. Паводле папярэдняй інфармацыі, тэрмін яго лячэння і аднаўлення – да 8 кастрычніка.

Сабаленка згуляе з Астапенкай у Кітаі

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка сёння правядзе свой першы матч на турніры ў кітайскім Шэньчжоў з прызавым фондам 1,5  мільёны даляраў. У паядынку 1/8 фіналу беларуска, якая займае 13-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), сустрэнецца з латвійскай тэнісісткай Аленай Астапенкай, якая знаходзіцца на 75-м месцы ў сусветным рэйтынгу.

Даўгалевец і Бандарэнка з перамог стартавалі на чэмпіянаце свету па боксе

Два беларускія спартоўцы паспяхова правялі першыя паядынкі на чэмпіянаце свету па боксе, які праходзіць у Екацярынбургу. Беларус Міхаіл Даўгалевец, які выступае ў вагавай катэгорыі 81 кг, дамогся датэрміновай перамогі тэхнічным накаўтам у першым паядынку планетарнага форуму супраць эстонца Стывена Ааса. Яшчэ адзін беларус Віталь Бандарэнка (у вазе 75 кг) быў мацней за атлета з Рэспублікі Карэя Кім Джынджы. У Екацярынбургу за ўзнагароды спаборнічаюць амаль паўтысячы баксёраў з 89 краін.

УЕФА назаве трэці еўракубкавы турнір Лігай канферэнцый

Пра гэта паведамляе нямецкая газета Bild. Новы турнір стартуе з сезона-2021/22. Рашэнне аб правядзенні трэцяга футбольнага еўракубка было прынята ў снежні мінулага года падчас пасяджэння выканаўчага камітэта УЕФА ў Дубліне. Новы турнір будзе праводзіцца па той жа схеме, якая цяпер выкарыстоўваецца ў Лізе чэмпіёнаў. На групавой стадыі выступяць 32 клубы, разбітыя на восем груп па чатыры ўдзельнікі.  Гульні Лігі канферэнцый будуць праводзіцца па чацвяргах, як і матчы Лігі Еўропы. Дні правядзення сустрэч Лігі чэмпіёнаў застануцца нязменнымі – аўторак i серада. З 2022 года фіналы трох еўракубкаў стануць праводзіцца на адным тыдні. У сераду будзе гуляцца вырашальны матч Лігі канферэнцый, у чацвер – вырашальны матч Лігі Еўропы, у суботу – фінал Лігі чэмпіёнаў. Дзякуючы стварэнню трэцяга турніру ў групавой стадыі еўракубкаў будуць прадстаўлены найменш за 34 еўрапейскія асацыяцыі (а не 26, як зараз). Пры гэтым сумарныя квоты нацыянальных асацыяцый застануцца ранейшымі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ХК „Дынама-Маладзечна”