З карт-рахунку аршанкі невядомыя выкралі больш за 100 рублёў



З заявай аб знікненні 130 рублёў са сваёй карткі звярнулася ў Аршанскі РУУС мясцовая 63-гадовая жыхарка. Міліцыянеры высветлілі, што напярэдадні ў сацыяльнай сетцы пенсіянерка атрымала паведамленне ад жанчыны. Тая прасіла дадаць яе ў сябры, а пазней прапанавала атрымаць грошы ад банка ў гонар яго юбілею. Для гэтага пацярпелай трэба было паведаміць рэквізіты сваёй карты, паведамілі ва УУС Віцебскага аблвыканкама.

Нічога не падазраючы, атрымаўшы два паведамленні аб тым, што з рахунку спісаны сродкі, жанчына патэлефанавала новай сяброўцы і высветліла, што тая ніякіх просьбаў ў сацсетку не адпраўляла. Апамятаўшыся, пенсіянерка звярнулася па дапамогу да праваахоўнікаў. Зараз аператыўнікі актыўна шукаюць зламысніка.

УУС Віцебскага аблвыканкама нагадвае, што перадаваць рэквізіты банкаўскай карты і паролі трэцім асобам нельга. Інакш і вашы зберажэнні могуць стаць здабычай махляроў.

zviazda.by