У Менску прэзентавалі кнігу пра Вітольда Бялыніцкага-Бірулю



Кнігу „Зноў зацвіла вясна”, прысвечаную народнаму мастаку БССР і РСФСР Вітольду Каэтанавічу Бялыніцкаму-Бірулю прэзентавалі 11 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі.

„Мы прэзентавалі ўнікальную кнігу. Тут паказаны не толькі творы мастака, але і напісана ўся яго гісторыя”, – расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. 

У выданні прадстаўлены зборы, якія знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, яго філіялах у Магілёве і Бялынічах, а таксама ў музеі мастака ў Цвярской вобласці. На працягу года кніга будзе прэзентавана і ў гэтых музеях. А гэтым разам унікальнае выданне было прадстаўлена ў незвычайным фармаце. У прыватнасці, „ажыла” адна з вядомых карцін мастака – „Зімовы сон”. „Мы хочам сучасныя тэхналогіі паставіць на службу музейным справам. Упэўнены, што такія ажыўшыя карціны зацікавяць у тым ліку моладзь і прыцягнуць яе ў наш музей”, – адзначыў генеральны дырэктар.

Уладзімір Пракапцоў дадаў, што ў перспектыве плануецца стварыць пастаянную экспазіцыю, дзе будуць прадстаўлены ажыўшыя карціны і іншых вядомых мастакоў.

belta.by