Ірына Халіп: Рыхтавацца трэба зараз



„Рыхтавацца трэба зараз,” – так пра ўдзел каманды «Еўрапейскай Беларусі» ў парламенцкай кампаніі кажа журналістка Ірына Халіп. Яна сама збірае подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты ў сталічнай выбарчай акрузе №110. У палітычнай структуры дакладна разумеюць, што іх кандыдатаў улады у заканадаўчы орган не прапусцяць, але іх задача актывізаваць грамадства. Гэта своеасаблівая падрыхтоўка да будучых прэзідэнцкіх выбараў, кажа ўдзельніца кампаніі – журналістка Ірына Халіп:

-“Еўрапейская Беларусь” прысутнічае амаль у кожнай акрузе – у Менску ва ўсялякім выпадку.  Калі мы ўсё ж такі хочам нешта змяніць, і разумеем, што змяніць можна толькі нейкім моцным агульным пратэстам, і давайце не будзем настолькі наіўнымі, каб думаць, што мы можам сваім удзелам у нейкіх выбрах штосьці змяніць.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» працягваюць збор подпісаў для далейшага ўдзелу ў парламенцкай кампаніі. Пікеты праходзяць у Менску, Берасці, Светлагорску, Воршы, Бабруйску, а таксама ў некалькіх населеных пунктах Слонімскага раёна, паведамляе прэс-служба «Еўрапейскай Беларусі».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org