Дабрачынны гаражны распродаж у Пасольстве Швецыі



21 верасня 2019 года а 12.00 -19.00 Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь супольна з праектам “KaliLaska”, Беларускай палатай моды і “Зялёнай сеткай” арганізуе дабрачынны распродаж рэчаў ва ўнутраным дворыку Пасольства па адрасе: вул. Рэвалюцыйная, 15.

“Гаражны” распродаж, або “блышыны рынак”, па-шведску гучыць як “лопіс” – ад слова loppa, што ў перакладзе азначае “блыха”. На працягу доўгага часу гэта з’ява вельмі папулярная ў Швецыі, а з кожным годам яна робіцца ўсё больш распаўсюджанай і ў Беларусі. Пасольства Швецыі ў Менску запрасіла да ўдзелу прадстаўнікоў дыпламатычных місій, бізнес-супольнасці, сяброў і партнёраў Пасольства. З прыемнасцю можам адзначыць, што шмат хто адгукнуўся і перадаў на “лопіс” свае рэчы.

Грошы, атрыманыя на распродажы, пойдуць на дабрачынныя праекты, а непрададзеныя рэчы – тым, каму яны сапраўды патрэбныя. Асаблівасць мерапрыемства яшчэ і ў тым, што дабрачыннасць у ім спалучаецца з экалагічнай павесткай дня – пераходу да разумнага спажывання штодзённых рэчаў і ўдумлівага стаўлення да таго, дзе і як арганізавана вытворчасць адзення. Наведнікі змогуць узяць удзел у інтэрактыўна-адукацыйным блоку, арганізаваным Беларускай палатай моды.

У якасці спікераў выступяць выкладчыкі дызайну БДУ і ICВ імя А.В. Шырокага і беларускія дызайнеры. Пачатак прэзентацый: 12.30, 13.30, 14.30, 15.30. Таксама плануецца паказ калекцый адзення ад студэнтаў-дызайнераў. “Зялёная сетка” прапануе бясплатна даслаць сябрам “зялёную пошту” – паштоўкі з парадамі па ўстойлівым спажыванні. На мерапрыемстве са сваёй музычнай праграмай выступіць вядомы музыка Лёня Паўлёнак.

Наведнікам “лопіса” таксама прапануем пазнаёміцца з выставай «Гісторыя шведскай моды», зрабіць фота з сімваламі Швецыі, а найбольш актыўных пакупнікоў чакаюць прыемныя сюрпрызы ад Пасольства.

Уваход вольны (без папярэдняй рэгістрацыі).

Паводле прэс-рэлізу