Дабрачынны канцэрт у Берасці



У Берасці запрашаюць узяць удзел у дабрачынным мерапрыемстве і не быць абыякавым да чужога гора. 17 студзеня ў арт-клубе “Кірпіч” пройдзе канцэрт у падтрымку хворай на рак 18-гадовай дзяўчыны Веранікі Молчан.

“Інфармацыю пра гэтую дзяўчыну нашая каманда знайшла ў Інтэрнэце,” – распавёў адзін з арганізатараў імпрэзы спадар Вадзім:

– Спачатку мы думалі сабраць грошы, а пасля з’явілася ідэя арганізаваць канцэрт у падтрымку дзяўчынкі. Скантактаваліся з яе бацькамі, яны былі не супраць. Вось так і вырашылі з хлопцамі, што ўсе выступоўцы “скінуца” на арэнду, а атрыманыя грошы з продажу білетаў пойдуць для Веранікі.

“У траўні 2014 года ад раку памерла мая сястра, таму я не змог абмінуць чужую бяду і вырашыў праявіць актыўнасць,” – дадаў ініцыятар правядзення дабрачыннага канцэрту.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота vk.com