Палітвязню Мікалаю Дзядку пагражае чарговае зняволенне
Скончана следства па новай справе супраць палітвязня Мікалая Дзядка, які зараз знаходзіцца ў турме №4 горада Магілёва.
Справу завялі за некалькі месяцаў да яго вызвалення пасля 4,5 гадоў няволі. Дзядок абвінавачваецца ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі.
Па словах жонкі палітвязня Валерыі Хоцінай, Мікалай ужо азнаёміўся з матэрыяламі следства. Яна лічыць, што вынікі працы следчых цяжка назваць аб’ектыўнымі:
– Таму, што яны дапыталі толькі персанал турмы, наконт рапартоў і так далей, але нікога, напрыклад, з сукамернікаў, нікога з людзей, якія маглі бачыць. Яго, напрыклад, абвінавачваюць у тым, што ў яго нібыта быў нейкі канфлікт у камеры, то бок нікога з тых людзей з кім у яго мог быць канфлікт не дапыталі – гэта ўсё толькі са словаў кантралёраў ды іншых людзей.
У сувязі з гэтым Мікалай Дзядок заявіў некалькі хадайніцтваў. Як лічыць Валерыя Хоціна, суд над яе мужам можа адбыцца ў пачатку лютага.
Беларускае Радыё Рацыя