Нацбанк патлумачыў прычыны запаволення гадавой інфляцыі ў жніўні
У Беларусі на запаволенне гадавых тэмпаў росту спажывецкіх цэн у жніўні 2019 года аказала ўплыў адпаведная дынаміка сезонных цэн, а таксама рэгуляваных цэн і тарыфаў, гаворыцца ў штомесячным аглядзе Нацыянальнага банка.
У жніўні гадавы прырост спажывецкіх цэн запаволіўся на 0,3 працэнтнага пункта і склаў 5,7%. У дачыненні да ліпеня цэны ў жніўні знізіліся на 0,2%.
Як адзначаюць у Нацбанку, гадавая базавая інфляцыя ў апошнія тры месяцы захоўваецца на ўзроўні 4,7–4,8%. Аслабленне ўплыву кан’юнктурнага шоку на рынку сельскагаспадарчай прадукцыі ў цэлым працягвае аказваць стабілізуючы ўплыў на сегмент свабоднага цэнаўтварэння.
Рэгуляваныя цэны і тарыфы ў жніўні замарудзіліся ў гадавым вымярэнні на 0,3 працэнтнага пункта да 8,4%. Разам з тым, як адзначаюць у Нацбанку, іх дынаміка ў цэлым па-ранейшаму апярэджвае дынаміку свабодных цэн. У найбольшай ступені выраслі цэны і тарыфы на паслугі дашкольных устаноў (на 20,8%), вышэйшай адукацыі (на 14,9%), а таксама на аўтамабільнае паліва (на 17,5%).
Пасля істотнага паскарэння ў папярэднім месяцы тэмпы росту цэн на плодаагароднінную прадукцыю ў жніўні замарудзіліся ў гадавым вымярэнні да 6,2%. «Гэтаму шмат у чым спрыяла сезоннае зніжэнне цэн на памідоры свежыя пасля іх нехарактэрнага для ліпеня падаражэння», – канстатуюць у Нацбанку.
У пачатку верасня рэгулятар паведаміў пра рост інфляцыйных чаканняў насельніцтва. Гэта вынікае з дадзеных агляду Нацбанка, падрыхтаванага на падставе апытання насельніцтва (дзвюх тысяч рэспандэнтаў).
У аглядзе гаворыцца, што згодна з апытаннем у жніўні ўзровень інфляцыі (за апошнія 12 месяцаў), які адчуваецца насельніцтвам, склаў 12,8% і ўзрос у параўнанні з маем на 0,6 працэнтнага пункта.
Таксама крыху вырас чаканы насельніцтвам узровень інфляцыі на найбліжэйшыя 12 месяцаў – да 13,1% з 11,5% у маі гэтага года.
На думку Нацбанка, інфляцыйныя чаканні ў Беларусі перавышаюць больш чым у два разы фактычную інфляцыю ў сувязі з тым, што цэны растуць нераўнамерна і з-за гэтага ў насельніцтва складваецца скажонае ўяўленне аб сітуацыі на спажывецкім рынку.