Беларускі тэатр «Лялька» – у дапамогу настаўнікам



Ці можа лялечны тэатр дапамагчы ў выхаванні падлеткаў? Гаворка пра гэта зайшла на прэсавай канферэнцыі, якую перад пачаткам 34-га сезону правялі ў віцебскім тэатры «Лялька». Традыцыйна лічыцца, што лялечныя спектаклі – гэта забава для самых маленькіх. Але ў рэпертуары  тэатра «Лялька» шмат пастановак для падлеткаў, і ў гэтым узросце асабліва важным ёсць эмацыйнае выхаванне і культурнае развіццё.

Таму хацелася б, каб школьныя настаўнікі больш звярталіся да таго патэнцыялу, які мае тэатральнае мастацтва, кажа мастацкі кіраўнік «Лялькі» Віктар Клімчук:

– Нацыя мусіць быць культурнай. І калі ўсе раптам заўважылі, што дзеці прыліплі да камп’ютараў, да смартфонаў, і калі дзіця не ідзе ні ў тэатр, нікуды, то трэба з гэтым нешта рабіць! Няма культуры – няма ўзаемаадносін, культура збліжае нас, яна вядзе чалавека да сябе самога.

У рэпертуары «Лялькі» – 41 спектакль для дашкольнікаў, школьнікаў і зусім дарослых людзей. Прыкладна палова з усіх пастанова можа быць скарыстана ў навучальным працэсе – на занятках па мове, літаратуры, гісторыі мастацтва.

Мала хто гатовы сёння дапамагчы настаўніку ў ягонай складанай працы, а віцебскі лялечны тэатр – можа, гаворыць кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі Людміла Сіманёнак:

– Мы гатовы прыйсці на ўрок, правесці нейкую падрыхтоўчую гутарку перад наведваннем тэатру. Гатовыя арганізаваць конкурс сачыненняў ці водгукаў на нашы спектаклі. Хацелася б больш асэнсаванага супрацоўніцтва са школамі, бо нам ёсць што ім прапанаваць.

 

Новы тэатральны сезон у «Ляльцы»якраз і пачынаецца спектаклем, адрасаваным школьнікам. Гэта пастаноўка паводле аповесці нямецкага пісьменніка Джэймса Круса «Цім Талер або прададзены смех», якую вывучаюць у 6-м класе па-расейску. У «Ляльцы» павучальную гісторыю пра хлопчыка, які памяняў свой смех на сумнеўныя даброты, раскажуць і пакажуць па-беларуску – гэта адзіны ў Беларусі лялечны тэатр з цалкам беларускамоўным рэпертуарам.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск