Старасць не радасць – маладосць не навек…
Старасць не радасць – маладосць не навек… Мудрая прыказка. Заўжды спрацоўвае.
Праблемы самотных пажылых людзей на Смаргоншчыне закранула дзяржаўная газета “Звязда”. У Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласці пражывае сёння больш 14 тысяч пажылых людзей. 27 працэнтаў ад усяго насельніцтва раёна. І каля шасцісот з іх – самотныя людзі сталага веку. Вядома, зімой ім у вёсцы пражыць значна цяжэй, асабліва без падтрымкі маладых ды здаровых… А дзяржава… У нашай дзяржавы дзіўныя адносіны з падаткаплацельшчыкамі, безумоўна, але ў стаўленне да пенсіянераў не самае горшае ў свеце. Штосьці робіцца. Пенсіі не самыя жабрацкія ў свеце… Шмат сабе за іх не дазволіш, але жыць можна… І рэч не ў стакгольмскім сіндроме і прыстасаванстве.
Пытанне ў іншым. Як старому, нямогламу чалавеку перажыць зіму ў вёсцы? Адзін з варыянтаў, што прапанавала дзяржава, – дом сумеснага пражывання. Напрыклад, дом сумеснага самастойнага пражывання ў аграгарадку Бялкоўшчына Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці. Дом для адзінокіх старых адкрылі чатыры гады таму ў адрамантаваным памяшканні былога сельсавета. Літаральна праз дарогу — крама, аддзяленне пошты, фельчарскі пункт… У самім будынку, распавядае “Звязда”, правялі гарачую ваду і зладзілі газавае ацяпленне… І паралельна з расповедам пра новую для нашых рэалій установу распавядае гісторыі людзей, што апынуліся тут. Хтосьці пераехаў зімаваць, а хтосьці застаўся назаўжды. Уражвае гісторыя адной пажылой сямейнай пары… Цытата. Без я тут не абыдзешся…
“Можа, мы ўжо разленаваліся, дзеткі, — уздыхае бабуля. — Мо там і зімавалі б. Ці добра мы зрабілі, што сюды пайшлі, ці блага — Бог ведае. Сабачка застаўся там, суседка корміць. Дзецям прыехаць няма куды. Як мы ў хаце былі, дык яны часцей прыязджалі, то некалькі тыдняў, то месяц пабудуць. А цяпер што? Халодная хата, нікога няма. Дамовіліся з дзедам, што пабудзем тут да мая і паедзем дадому…”
Дзяржава дзяржавай, а сямейныйныя абавязкі – як з імі быць? Здаецца, указу не было… Пра іх адмену. Пра тое, што можна кінуць старога ці дзіця ў халоднай хаце. Дзяржава свой варыянт прапанавала, а дарослыя дзеці старых бацькоў што прапануюць?