Сваіх улады не кідаюць



Сваіх улады не кідаюць і прапануюць цёплае крэсла, кажа эксперт. Былыя медыя-чыноўнікі ідуць на выбары. Сярод прэтэндэнтаў у беларускі парламент – экс-старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька і былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч. Гэтыя чыноўнікі, хоць і адышлі ад кіравання ў медыясферы, але надалей трымаюцца ў беларускім наменклатурным жыцці.

Нагадвае намеснік старшыні беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

– Што датычыцца Давыдзькі, то ён важны пост у «Белай Русі» займае, і фактычна гэта палітычная пасада. Аб’яднанне, якое прэтэндуе на ролю партыі, нават партыі ўлады ў Беларусі. І таму, нягледзячы на тое, што ён яшчэ зʼяўляецца сенатарам, а ў Беларусі як бы ёсць такія пасады, Савет Рэспублікі прыняў такое рашэнне, мне падаецца, абсалютна чаканае, калі ты займаеш палітычную пасаду, то ты мусіш удзельнічаць у палітычным жыцці. І, хутчэй за ўсё, ён будзе прызначаны ў гэты парламент.

У гэтых рашэннях не варта шукаць глыбокага палітычнага сэнсу, дадае палітычны аналітык Павел Усаў. Чыноўнікі такога рангу не будуць самастойна прымаць рашэнне ў новым парламенце, улады верных чыноўнікаў рассаджваюць на цёплыя крэслы – кажа эксперт:

– Яе прысутнасць у гэтым працэсе сведчыць толькі пра тое, што ўлады фармуюць парламент, вынікаючы са сваіх інтарэсаў і прынцыпаў, то бок з людзей, якія будуць абсалютна лаяльныя, з людзей, якія не будуць бачнымі і не будуць ні на што ўплываць, а проста абсадзіць крэслы патрэбнымі людзьмі. То бок увогуле не варта чакаць нейкага сэнсу, гэта выключна тэхнічныя рашэнні.

Лілія Ананіч вылучаецца ў Барысаўскай сельскай акрузе №63, а вось Генадзь Давыдзька за дэпутацкае крэсла будзе змагацца ў сталіцы, ва Усходняй выбарчай акрузе Менска. Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага склікання – ніжнюю палату Нацыянальнага сходу – пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаванне – ад 12 да 16 лістапада.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя