Нашчадак знакамітага бяльшчаніна прыехаў у Бельск



Аўстрыец Рональд Клос у трэці раз наведаў Бельск і Студзіводы. Менавіта ў Студзіводах нарадзіўся ягоны прашчур – прафесар Эміліян Адамюк. Сёлета спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння гэтага выбітнага медыка, аднаго з пачынальнікаў афтальмалогіі ў Расеі. У Бельскім ліцэі № 2 нашчадак знакамітага бяльшчаніна Рональд Клос і яго жонка сустрэліся з навучэнцамі і дырэкцыяй ліцэя.

Чаму менавіта беларускі ліцэй быў месцам сустрэчы з моладдзю Бельска, тлумачыць Рональд Клос:

– Беларускасць – асаблівасць гэтага рэгіёну, гэтай культуры. Хоць я заўважыў, што гэта нават у Польшчы не вельмі вядома. Эміліян Адамюк быў, хутчэй за ўсё, напалову беларус, а напалову – паляк. У яго радаслоўным дрэве ёсць польская лінія, маці Гулевіч была полькай. Але, я думаю, была і беларуская кроў.

Імем Эміліяна Адамюка плануецца назваць адну з цэнтральных вуліц Бельска недалёка ад царквы, у якой калісьці ён быў ахрышчаны. Кажа Рональд Клос:

– Я не магу дагэтуль у гэта паверыць, гэта неверогодна і цудоўна і з’яўляецца прызнаннем таго, што гэта быў вялікі чалавек, які шмат зрабіў для медыцыны і для людзей. Я думаю, што гэта добрая мажлівасць захаваць яго імя ў памяці.

Дзякуючы намаганням Рональда Клоса, Бельск нанова адкрыў для сябе імя свайго знакамітага ўраджэнца. Сёння, 14 верасня, фотаздымкі і дакументы, якія датычацца жыцця і прафесійнай дзейнасці прафесара Адамюка, можна будзе пабачыць на выставе, што адкрыецца ў Студзіводах.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя