На Аршаншчыне дэмакраты не трапілі ў выбаркамы 



У Беларусі працягваецца перадвыбарчая кампанія па выбарах у Палату прадстаўнікоў. А лічыць галасы і падпісваць пратаколы будуць у асноўным праўладныя асобы, хаця ў некаторыя камісіі ўключаны прадстаўнікі апазіцыі.

Працэс фармавання выбарчых камісій прайшоў на Аршаншчыне найбольш жорстка нават у параўнанні з суседнімі раёнамі Віцебскай вобласці, адзначае галоўны рэдактар сайту Orsha.eu Ігар Казмярчак.

– Па Віцебскай вобласці агулам стараліся далучаць да акруговых камісій хаця б па адным дэмакраце. Па аршанскіх акругах – аніводнага з дэмакратаў няма. Прычым, калі глядзець спіс тых, хто падаваўся ў камісіі, і тых, хто патрапіў, відавочная перадузятасць выканкамаў, якія фармавалі гэтыя камісіі, таму што ў ліку тых, хто не патрапіў, толькі дэмакраты.

Таксама Ігар Казмерчак адзначыў, што абраныя ў выбарчыя камісіі прадстаўнікі незалежных арганізацый і апазіцыйных партый мала што вырашаць сваімі дзеяннямі, яны будуць у абсалютнай меншасці. Але на Аршаншчыне, такім чынам, вырашана нават не ствараць бачнасці справядлівага выбару.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша