Моладзь БНФ узнагародзіла пераможцу прэміі імя Ларысы Геніюш



Прэмія імя Ларысы Геніюш – ініцыятыва Моладзі БНФ па ўшанаванні памяці выбітнай паэткі, змагаркі, беларускі Ларысы Антонаўны Геніюш.

15 верасня 2019 года на сваім офісе Моладзь БНФ узнагародзіла пераможцу першай прэміі імя Ларысы Геніюш. Напрыканцы ліпеня было абвешчана пра прыём заявак на прэмію Геніюш, было атрымана каля 30 вершаў з якіх было вельмі цяжка адабраць пераможца.

«Было вельмі цяжка, бо кожны верш быў па-свойму добры, унікальны, і наша журы не магло доўга зрабіць свой выбар. Яшчэ прыемна ўразіла колькасць вершаў, якія нам даслалі. Мы атрымалі каля 30 вершаў за тыдзень, і нам вельмі прыемна, што столькі таленавітай моладзі піша па-беларуску. Няхай дзесьці не ў рыфму, дзесьці з памылкамі, але самае галоўнае, што спрабуюць, і мы ўпэўнены, што з кожным разам будзе ўсё лепей», – адзначаюць ініцыятары прэміі.

Першую прэмію імя Ларысы Геніюш атрымаў Кірыл Атаманчык за свой верш «Адвечны замак». Кірыл з дзяцінства захапляецца беларускай літаратурай і ўжо даўна спрабуе пісаць свае вершы па-беларуску. І хоць зараз хлопец навучаецца за мяжой, але сувязь з Радзімай не губляе і родную мову не забывае.

Прэмія імя Ларысы Геніюш – гэта чарговы этап нашай кампаніі #Геніюш2016. Гэтая кампанія паўстала як чарговая спроба рэабілітацыі выбітнай паэткі і беларускі. І хоць да гэтага часу няма афіцыйнай рэабілітацыі, мы ўсё адно працягваем ушаноўваць памяць Ларысы Антонаўны рознымі спосабамі. І хоць творчасці Геніюш не патрэбна ніякая рэабілітацыя, а сама Ларыса Антонаўна назаўсёды застанецца ў народнай памяці, мы верым, што рана ці позна галоўная мэта нашай кампаніі будзе дасягнутая і Ларыса Геніюш будзе рэабілітавана афіцыйна і на дзяржаўным узроўні, а на цэнтральнай плошчы Зэльвы з’явіцца яе помнік.

Прэс-служба Моладзі БНФ