Бізнесу распавялі пра фармаванне цэн



Міністэрствы гандлю і эканомікі рэкамендавалі новыя правілы фармавання цэн, паведаміла прэс-служба Міністэрства гандлю. У прыватнасці, падвышэнне  кошту імпартнай сыравіны і матэрыялаў, якія купляюцца ў краінах па-за межамі Еўразійскай эканамічнай супольнасці, заключаны ў строгія рамкі. На сыравіну і матэрыялы айчыннага паходжання падвышэнне коштаў цяпер увогуле не дазваляецца. «Усе гэтыя захады будуць адменены ў бліжэйшы час, бо рынкавая эканоміка натуральна возьме сваё», – каментуе новыя правілы фармавання цэн эканаміст Леў Марголін.

– Мэты, якія тут закладзены, зразумелыя: каб пад шумок прадпрыемствы не падвысілі кошты на прадукцыю. Але ўсё ж у аснове павінна быць рынкавае цэнаўтварэнне, калі цэны залежаць ад попыту прапановы, а не ад нейкіх інструкцый Міністэрства эканомікі.

Як пракаментавалі ў Міністэрстве гандлю, новыя рэкамендацыі выпрацаваны „у рамках выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада Беларусі па недапушчэнні неабгрунтаванага росту коштаў і забеспячэнні спажывецкага рынку неабходным асартыментам тавараў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота dfact.net