Беларускія дажынкі прайшлі ў вёсцы Рыбалы



Тут гэтае свята мае трывалыя традыцыі. Яго карані губляюцца ў глыбіні вякоў, калі жніво выглядала зусім не так, як цяпер.

Кажа старшыня Рады Антаніна Куна:

– Сялянам было цяжка, бо яны павінны былі збіраць збожжа ўручную: сярпом, касой, коннай прыладай. Толькі цяпер з’явіліся машыны, таму жніво ўжо не такое цяжкае, якім было калісьці.

Сёлета, як і заўжды, Дажынкі ў Рыбалах пачаліся з літургіі і хрэснай хады, а завяршыліся святочным канцэртам. Бургамістр і старасты жніва частавалі ўсіх прысутных хлебам з мукі новага ўраджаю. Ад пачатку і да канца свята суправаджала адмысловая кампазіцыя са свежага збожжа. Кажа дырэктар асяродка анімацыі і культуры ў Заблудаве Цэцылія Галіцка:

– Такі вянец робіцца на Дажынкі штогод, з ім ідуць у царкву ці касцёл. Гэта асаблівая традыцыя, якая паходзіць адсюль. Цудоўная іпрэза, якая падсумоўвае працу нашых падляшскіх сялянаў, асабліва з нашай гміны.

На святочны канцэрт у Рыбалы прыехалі добра вядомыя калектывы з Беластока і Міхалова. Спецыяльным госцем з Беларусі стаў заслужаны ансамбль „Купалінка”.

Беларускае Радыё Рацыя