У Менску прайшоў пікет памяці зніклых палітыкаў



У Менску каля ГУМа прайшоў пікет памяці выкрадзеных 20 гадоў таму палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. Ініцыятарам акцыі выступіла Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Мерапрыемства прайшло ў рамках пікетаў па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў в.а. старшыні АГП Мікалая Казлова, актывіста грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Васіля Жорава, актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Пятра Папраўкі і актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада” Сяргея Спарыша. Усяго на пікеце прысутнічала паўтара дзясятка чалавек.

„Сёння споўнілася роўна 20 гадоў, як выкралі і забілі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Хачу нагадаць, што Ганчар быў членам палітсавета нашай партыі і для нас гэта асабліва сціплая дата. Мэта гэтага пікета — нагадаць людзям пра тое, што гэтыя палітычныя забойствы так да канца і не расследаваны, падазраваныя свабодна перамяшчаюцца па краіне. Мы хочам, каб забойцы і ўсе датычныя да гэтага злачынства былі адданыя суду”, — заявіў БелаПАН Казлоў, які прысутнітчаў на акцыі.

Ён адзначыў, што пікет адбываўся ў рамках збору подпісаў для вылучэння кандыдамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і за яго правядзенне не патрабавалася аплачваць паслугі міліцыі. „Гэта тая рэдкая магчымасць, калі выбарчая кампанія дазваляе правесці звычайны для нармальнай краіны пікет спакойна, традыцыйным шляхам звяртаючыся з плакатам да людзей. Звяртаю ўвагу, што няма АМАПа, у другі дзень нам давялося б плаціць за яго паслугі незразумела чаму. Так будзе ўсю кампанію , але калі мы так устанем ўжо на наступны дзень пасля выбараў, нам давядзецца альбо заключаць дагавор і аплачваць паслугі, альбо аплачваць вар’яцкія штрафы”, — растлумачыў Казлоў.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Вольга Кавалькова адзначыла, што ў гэты дзень „трэба нагадваць грамадзянам пра тое, што для ўлады небяспечныя людзі, якія змагаюцца за праўду”. „Сёння ідуць выбарчыя працэсы — Віктар Ганчар быў старшынёй ЦВК, ён хацеў каб выбары ў Беларусі адбываліся сумленна, без фальсіфікацый. За гэта ён быў выкрадзены, і яго лёс невядомы”, — сказала Кавалькова.

„Мы памятаем пра злачынствы гэтага рэжыму і не дазволім забыць астатнім. Аляксандр Лукашэнка будзе адказваць за тое, што нарабілі па яго загаду. Фактычна гэтыя справы даўно расследаваныя, засталася справа за палітычнай воляй, але яна будзе толькі ў новай улады”, — заявіў у сваім выступленні на пікеце актывіст „Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі.

Удзельнікі пікета трымалі ў руках партрэты Ганчара і Красоўскага, а таксама выкрадзеных журналіста Дзмітрыя Завадскага і палітыка Юрыя Захаранкі. Яны расцягнулі банер з надпісам „20 гадоў — мы памятаем”. Праз гадзіну пасля пачатку пікета да іх падышлі прадстаўнік акруговай камісіі, які не назваў сваё прозвішча, і супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Яны запатрабавалі згарнуць банер, спаслаўшыся на тое, што гэта з’яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Актывісты выканалі іх патрабаванне.

Увечары 16 верасня 1999 года Ганчар, які спачатку быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і яго сябар Красоўскі прыехалі ў лазню, што ў Мінску на вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў „Джып-Чэрокі”, які належаў Красоўскаму.

Крымінальная справа па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Мінска. Паводле даных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзены асколкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці вывадаў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.

Чацвёра грамадзян Беларусі, якіх Еўрасаюз лічыць датычнымі да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999—2000 гадах, да гэтага часу знаходзяцца пад дзеяннем візавых і эканамічных санкцый. У іх ліку — былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў, які ў перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, і Дзмітрый Паўлічэнка, былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС.

belapan.by