Беларускія валейбалісты прайгралі Паўночнай Македоніі



Мужчынская зборная Беларусі па валейболе пацярпела трэцюю паразу на першым этапе чэмпіянату Еўропы ў Любляне ад каманды Паўночнай Македоніі з лікам 1:3. У іншым паядынку 4-га тура папярэдняй групы С каманда Расеі перайграла фінаў – 3:0. Зборная Беларусі сёння правядзе апошні матч першага этапу супраць Турцыі, які стане для падначаленых Віктара Бекшы вырашальным. У 1/8 фіналу кантынентальнага першынства трапяць па чатыры лепшыя каманды з чатырох папярэдніх груп.

Галкіна і Гарноська не трапілі ў першую дзясятку на чэмпіянаце свету

У Баку пачаўся чэмпіянат свету па мастацкай гімнастыцы. У стартавы дзень спаборніцтваў прайшлі кваліфікацыйныя спаборніцтвы спартовак-адзіночніц у практыкаваннях з мячом і абручом. Беларускія грацыі Кацярына Галкіна і Аліна Гарноська выступілі ў першым патоку з мячом і займаюць 12-ю і 19-ю прамежкавыя пазіцыі ў кваліфікацыі шматбор’я. Лідарства пасля першага дня галоўнага турніру сезона захапілі расейкі Дзіна Аверына і Кацярына Селязнёва. Спартоўкі змагаюцца за права трапіць у фінал шматбор’я. Акрамя таго, іх вынікі пойдуць у залік каманднага першынства.

Протас прызнаны лепшым гульцом матчу, Шаранговіч не вызначыўся баламі

Беларускі форвард Аляксей Протас прызнаны першай зоркай першага выставачнага матчу „Вашынгтона” гэтай восенню. У гульні з „Чыкага” ён знаходзіўся на лёдзе 14 хвілін 11 секунд, у тым ліку 2 хвіліны 49 секунд у большасці. У актыве Протаса – гол і дзве выніковыя перадачы. За вечар Аляксей, які гуляў пад 59-м нумарам у тройцы з Джо Снайвлі і Бекам Маленсцінам, тройчы кідаў па брамцы. „Вашынгтон” выйграў у „Чыкага” з лікам 4:3 у авертайме. Яшчэ адзін беларускі нападнік Ягор Шаранговіч прыняў удзел у першым выставачным матчы „Нью-Джэрсі” – наш суайчыннік правёў 9 хвілін 46 секунд у паядынку з „Бостанам”, бамбардзірскімі баламі не вызначыўся, нанёс 3 кідкі, атрымаў 2 хвіліны штрафу, а „д’яблы” таксама ў авертайме перамаглі 4:3.

«Гомель» абыграў «Віцебск» і падняўся на 13-е месца

Футбалісты „Гомеля” абыгралі ў гасцях „Віцебск” з лікам 2:1 у апошнім матчы 21-га тура чэмпіянату Беларусі. Гамельчукі актыўна пачалі гульню ў Віцебску і ўжо на 14-й хвіліне Бадры Акубардзія адкрыў лік. Гаспадары не засталіся ў даўгу, шмат атакавалі, і на 41-й хвіліне Аляксандр Пруднікаў зраўняў лік. Пасля перапынку абедзве каманды маглі забіць гол, але поспех быў на баку „Гомеля”: на 83-й хвіліне пераможны мяч запісаў у свой актыў Іван Жосткін. Дзякуючы гэтай перамозе гамельчукі набралі 18 ачкоў і падняліся на 13-е месца ў турнірнай табліцы.

Стартуе групавы этап Лігі чэмпіёнаў 2019/2020

Сёння адбудуцца першыя матчы групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў-2019/2020. Дзеючы пераможца галоўнага кантынентальнага турніру англійскі „Ліверпуль” свой стартавы паядынак новага сезона правядзе ў гасцях у італьянскага „Напалі”. У іншым матчы папярэдняй групы Е аўстрыйскі „Зальцбург” прыме на сваім полі бельгійскі „Генк”. У квартэце F італьянскі „Інтэр” згуляе ў Мілане з чэшскай „Славіяй” з Прагі. Нямецкая „Барусія” ў Дортмундзе сустрэнецца з іспанскай „Барселонай”. Расейскі „Зеніт” з Санкт-Пецярбурга, які выступае ў групе G, сустрэнецца на выездзе з французскім „Ліёнам”, а партугальская „Бенфіка” прыме ў Лісабоне нямецкі „Лейпцыг”. У групе Н англійскі „Чэлсі” згуляе ў Лондане з іспанскай „Валенсіяй”, а ў Амстэрдаме „Аякс” будзе супернічаць з французскім „Лілем”. Вырашальны паядынак 65-га па ліку галоўнага клубнага турніру Старога Свету адбудзецца 30 траўня на Алімпійскім стадыёне ў Стамбуле.

Беларускае Радыё Рацыя