Чым пагражае падвышэнне заробкаў бюджэтнікам?
“Гэта больш перадвыбарчая піяр-акцыя”, – лічыць эканаміст Барыс Жаліба.
З 1 верасня заробкі бюджэтнікаў выраслі прыкладна на 12 адсоткаў, таксама стала вядома, што з пачатку 2020 года мінімальны заробак павялічыцца амаль на 14 адсоткаў.
Барыс Жаліба: Нейкіх асаблівых умоў для таго, каб заробкі бюджэтнікаў раслі, я не бачу. Адзінае, што ў нас ужо даўно бюджэт выконваецца з прафіцытам, і за кошт гэтага прафіцыта ўрад можа падвысіць заробкі бюджэтнікам.
І пенсіі могуць падняць за кошт Фонда сацыяльнай абароны, што і практыкуюць, калі пачынаюцца выбарчыя кампаніі. Вось гэта адзіныя крыніцы, з якіх можна ўзяць грошы на падвышэнне заробкаў бюджэтнікаў. А ў цэлым эканоміка лепш працаваць не стала. Падвышэнне заробкаў – гэта больш перадвыбарчая піяр-акцыя.
РР: Ці ёсць нейкія рызыкі ў сувязі з гэтымі падвышэннямі?
Барыс Жаліба: Безумоўна. Паколькі ў нас унутраны валавы прадукт не вельмі дадаецца, то за кошт падвышэння заробкаў вышэйзгаданым катэгорыям работнікаў і пенсіянерам можа павялічыцца грашовая маса і попыт на тавары. Гэта можа пацягнуць за сабой дадатковую інфляцыю і дэвальвацыю беларускага рубля.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя