Ці заплацяць апазіцыйныя палітыкі міліцыі?



Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч распавёў, чым можа закончыцца разгляд апеляцыйнай скаргі, якую падалі ў Менскі гарадскі суд апазіцыйныя палітыкі.

Як вядома, палітыкі Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова і Ігар Барысаў, якія ў мінулым годзе выступалі заяўнікамі канцэрта ў Кіеўскім скверы напярэдадні Дня волі, абскардзілі рашэнне суда Маскоўскага раёна Менска аб задавальненні пазову менскай гарадской міліцыі.

Нагадаем, што згодна з рашэннем суда, палітыкі павінны заплаціць больш за 8 тысяч рублёў за паслугі міліцыі па арганізацыі бяспекі падчас канцэрта.

Юрась Губарэвіч: Мы аспрэчваем рашэнне раённага суда, бо, на наш погляд, яно абсалютна беспадстаўнае.

РР: Калі рашэнне раённага суда пакінуць у сіле, што далей?

Юрась Губарэвіч: Далей мы альбо плацім, альбо да нас прыязджаюць судовыя выканаўцы і апісваюць маёмасць, каб яе затым прадаць у кошт аплаты заяўленай сумы. Тут, здаецца, варыянтаў мала.

РР: Ці ёсць шанцы на тое, што аплату адменяць ці хаця б зменшаць?

Юрась Губарэвіч: Гэтую сітуацыю можна раскласці на некалькі частак. Па-першае, для нас відавочна, што ўся дамова павінна быць цалкам скасавана.

Калі не, тады ўзнікае пытанне, чаму павялічылі суму рознымі надбаўкамі. Суд зыходзіць з нейкіх публікацый у сацыяльных сетках, справаздачаў праваабаронцаў. Адным словам, прымаюць да ведама ўсё акрамя сістэмы дакладнага разліку. Дзе гэтая сістэма?

І трэці момант – лічым, што нам неправамерна налічылі пеню, бо мы і так нясем двайное пакаранне. Спачатку заяўнікам далі па 30 базавых велічынь штрафа, а зараз яшчэ патрабуюць і 8 тысяч рублёў. З такой пастаноўкай пытання мы, натуральна, не згодныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя