Навошта следчым была прафсаюзная тэхніка?



Адзін з лідараў прафсаюза РЭП Ігар Комлік разважае пра тое, чаму следчыя два гады не вярталі тэхніку фігурантам “справы прафсаюза”.

Нагадаем, што ў жніўні 2018 года суд Савецкага раёна прыгаварыў кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

Іх прызначылі вінаватымі на падставе ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («ухіленне ад выплаты падаткаў у значнай суме»).

А вось тэхніку, якую следчыя забралі падчас ператрусаў у жніўні 2017 года, вяртаць не спяшаліся. Днямі стала вядома, што тэхніку ўсё-такі вырашылі вярнуць.

Ігар Комлік: Я ўсё-такі верыў, што тэхніку вернуць, бо які сэнс яе трымаць? Мы ж таксама не забывалі пра гэта, рэгулярна тузалі следчых і заявамі ў камітэт, і выступленнямі ў СМІ. Таму, у рэшце рэшт, сітуацыя павінна была вырашыцца, і яна вырашылася.

РР: На ваш погляд, чаму тэхніку не аддавалі аж два гады?

Ігар Комлік: Нам сказалі, што частка дакументаў са справы была вылучана ў асобную вытворчасць, таму на ўсялякі выпадак трымалі і тэхніку, каб трымаць прафсаюзных лідараў на кароткай вяроўцы.

Таму зацягвалі час, як маглі. Па вялікім рахунку, ужо даўно маглі скапіяваць неабходную інфармацыю, а камп’ютары нам аддаць. Але такога загада, відаць, раней не было.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя