У Беларусі плануюць прадухіляць да 4 тысяч абортаў



Міністэрства аховы здароўя спадзяецца, што абноўлены закон „Аб ахове здароўя” дасць магчымасць прадухіляць у краіне да 4 тысяч абортаў штогод. Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан 17 верасня на прэзентацыі новага сацыяльнага праекта „Скрынкі „МамаPro”.

Яна адзначыла, што законапраект прайшоў грамадскае абмеркаванне і ўжо адпраўлены на разгляд у Савет міністраў. „Пры мінулым пераглядзе закона ў 2014 годзе мы ўнеслі ў яго абавязковае перадабортнае кансультаванне. У цяперашні абноўлены дакумент была ўнесеная адна вельмі цікавая норма аб тым, што мы абавязаныя стварыць умовы для сямейнага перадабортнага кансультавання”, – распавяла яна.

Паводле інфармацыі медыкаў, толькі ў сталіцы за 2018 год дзякуючы перадабортнаму кансультаванню ўдалося захаваць 500 цяжарнасцяў.

Богдан выказала надзею, што дзякуючы новай норме, а таксама актыўнасці падобных да „МамаPro” сацыяльных праектаў, да якіх далучаюцца тысячы людзей, якія сталі бацькамі ці рыхтуюцца імі стаць, „у Беларусі ва ўмовах зніжэння нараджальнасці ўдасца захоўваць ўжо не 1,5 тысячы цяжарнасцяў, а 3–4 тысячы штогод”.

Яна таксама звярнула ўвагу, што з дапамогай праекта „МамаPro” ўдалося зрабіць радзільныя дамы адкрытымі для наведвання сваякамі жанчын пасля родаў і тых, якія знаходзяцца на захаванні. „Мы ўжо падрыхтавалі ўсе нарматыўныя акты Міністэрства аховы здароўя, якімі дазволены допуск сваякоў у радзільні”, – сказала Богдан.

„На жаль, нас, як і іншыя развітыя краіны, кранула такая тэндэнцыя: чым лепш мы жывем, чым больш эмансіпаванымі робяцца жанчыны, тым пазней мы заводзім сем’і і тым меншая патрэба ў нараджэнні дзяцей і іх колькасці”, – адзначыла чыноўніца.

Таму, дадала яна, Міністэрства аховы здароўя падтрымае любы праект, „які будзе папулярызаваць нараджэнне дзяцей, стварэнне семʼяў, бо на сёння прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі зʼяўляецца павышэнне нараджальнасці”.

„МамаPro” – гэта першая афлайн- і анлайн-пляцоўка Беларусі, дзе бацькі і тыя, хто рыхтуецца імі стаць, могуць кантактаваць з вядучымі спецыялістамі ў галіне аховы здароўя. Падчас правядзення рэспубліканскіх кангрэсаў „МамаPro” бацькі могуць у фармаце адкрытага мікрафона задаць любыя пытанні экспертам у сферы аховы здароўя, сацыяльнай абароны, адукацыі.

БелаПАН