Што берасцейцы ведаюць пра дату 17 верасня?
Такое пытанне карэспдэнт Беларускага Радыё Рацыя задаў мінакам на аднайменнай вуліцы 17 верасня, што ў Берасці.
– Не, не помню. – Не. – Штосьці звязана з палякамі. Кудысьці яна на сваю тэрыторыю сыйшлі. – Не. – Не ведаем, мы не мясцовыя. РР: А вы памятаеце пра вызваленчы паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь са школьнага курса? – Не, школа вельмі даўно была. – Не. – Колькі гэта гадоў таму было. – Канешне, ведаю. Чырвоная армія сумесна з Гітлерам падпісалі дамову пра расчляненне Польшчы. Западная частка Беларусі далучылася. Таксама і Заходняя Украіна.
Цяпер, пасля рэканструкцыі некаторых будынкаў цяперашняй вуліцы 17 верасня, якая раней называлася Тапалёвай, можна ўбачыць напамін пра “польскі перыяд” у Берасці. Выяўленыя пад тынкоўкай надпісы па-польску, вырашылі пакінуць на агляд гараджанам і турыстам. Самі ж апытаныя берасцейцы паразважалі пра значэнне 17 верасня 1939 года для гісторыі Беларусі:
– Для беларускага народа, хутчэй за усё, мела, таму што адзіны народ, адзіная нацыя. – Для гісторыі Беларусі? Не ведаю. Невядома, што насамрэч было.
У само Берасце, 14 верасня 1939 года першапачаткова ўвайшла не Чырвоная армія, а 19-ты механізаваны корпус Вермахта. 17 верасня немцамі была ўзята Берасцейская крэпасць, дзе цягам некалькіх дзён абараняўся польскі гарнізон брыгаднага генерала Канстанціна Плісоўскага. Толькі 20 верасня перадавыя часткі 29-й танкавай брыгады Чырвонай арміі падыйшлі да горада. 22 верасня, пасля праходжання ўрачыстым маршам савецкіх і нямецкіх падраздзяленняў па цэнтральнай вуліцы горада, Берасце было перададзена Саветам. Перадача гораду адбывалася паводле савецка-нямецкага пратаколу аб усталяванні дэмаркацыйнай лініі на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы. Падзея была заснята нямецкай прапагандысцкай службай “Die Deutsche Wochenschau”.
Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце