Круты: Дакументы не пагражаюць суверэнітэту Беларусі



Дакументы па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы не ўтрымліваюць палітычнага кампанента і не ствараюць пагроз для суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Пра гэта заявіў міністр эканомікі Дзмітрый Круты ў адказе на запыт дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім, накіраваны прэм’ер-міністру Сяргею Румасу. Парламентарый прасіла Румаса апублікаваць праграму дзеянняў па саюзнай інтэграцыі, якая была парафіраваная 6 верасня кіраўнікамі ўрадаў Расеі і Беларусі, але дагэтуль не апублікаваная.

У адказе, які Анісім размясціла ў «Фэйсбуку», міністр эканомікі адзначае, што гэты дакумент на дадзены момант мае статус рабочага, паколькі павінен быць зацверджаны прэзідэнтамі ў снежні 2019 года, разам з пакетам адпаведных дарожных карт. Работа па падрыхтоўцы гэтых карт толькі пачалася.

«Менавіта ў іх будзе ўтрымлівацца дэталізацыя эканамічных дамоўленасцяў паміж бакамі. Таму публікацыя праекта Праграмы пры адсутнасці пакета карт супярэчыла б агульнапрынятай у свеце практыцы арганізацыі перамоваў, а таксама магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцый і фармавання ў грамадстве скажоных уяўленняў адносна інтэграцыйнага працэсу», – зазначае міністр эканомікі.

У адказе гаворыцца, што праца, якая праводзіцца цяпер урадамі дзвюх краін, ахоплівае выключна эканамічную частку Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года.

«Па даручэнні прэм’ер-міністра запэўніваю Вас, што дакументы, над якімі мы працуем, не ўтрымліваюць ніякага палітычнага кампаненту і не ствараюць пагроз для суверэнітэту і незалежнасці нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь», – падкрэслівае Крутой.

«Мерапрыемствы па паглыбленні інтэграцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федерацыяй здзяйсняюцца на падставе адмысловага рашэння, прынятага на рэспубліканскім рэферендуме ў маі 1995 года і ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь. Гэтыя абавязацельствы зʼяўляюцца адкрытымі для грамадскасці, яны ўтрымліваюцца ў Дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года, і далей за іх інтэграцыя сягаць не можа», – гаворыцца ў адказе.

16 верасня расейская газета «Коммерсантъ» раскрыла некаторыя падрабязнасці Праграмы дзеянняў Беларусі і РФ па рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Паводле ацэнкі выдання, праграма дзеянняў, якую парафіравалі 6 верасня ў Маскве прэмʼер-міністры Расеі і Беларусі, гэта «даволі радыкальны праект»: эканамічная інтэграцыя да 2021 года на ўзроўні не меншым, чым у Еўразвязе, а ў шэрагу пытанняў – аналагічная канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржавам. «Пры рэалізацыі плана да гэтага тэрміну гаворка ідзе пра паглынанне моцна адзяржаўленай эканомікай Расеі амаль цалкам дзяржаўнай эканомікі Беларусі на ўзроўні кіравання», – піша «Коммерсантъ». Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра пераход на адзіныя Падатковы і Грамадзянскі кодэксы, агульны знешнегандлёвы рэжым, а таксама стварэнне адзінага рэгулятара рынкаў нафты, газу і электраэнергіі.

23 жніўня па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам беларускі прэмʼер паведаміў, што праект абноўленай праграмы па рэалізацыі саюзнай дамовы налічвае 66 пунктаў. У аснове канцэпцыі – прынцып «дзве краіны – адзін рынак».

«У гэтай праграме няма пытанняў палітычнага характару, якія дзесьці бударажацца ў СМІ. Я разумею, што гэта, напэўна, адбываецца збольшага і таму, што да гэтага перагаворшчыкі не раскрывалі ход перамоваў, палажэнняў гэтай праграмы. Але, я думаю, пасля парафіравання ўрады дзвюх краін апублікуюць яе для таго, каб у грамадскасці былі знятыя нейкія апасенні з нагоды пытанняў суверэнітэту і іншых», – запэўніў Румас.

18 ліпеня на перамовах у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну вырашыць усе праблемы інтэграцыі да снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

БелаПАН