Анатоль Лябедзька: Зараз мяч знаходзіцца на беларускім баку



Палітык Анатоль Лябедзька падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з намеснікам дзяржсакратара ЗША Дэвідам Хейлам.

Нагадаем, што вечарам 17 верасня Дэвід Хейл правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных палітычных сіл Беларусі.

Анатоль Лябедзька: Цікавы сам прыезд намесніка дзяржсакратара США ў Беларусь і інтэнсіўнасць, з якой амерыканскія чыноўнікі наведваюцца ў нашую краіну.

Беларусі складана прыцягваць да сябе пазітыўную альбо нейтральную ўвагу міжнароднай супольнасці. А калі краіна выпадае з міжнароднай павесткі, то і перспектывы, як у тумане. Таму такая ўвага з боку ЗША вельмі важная для Беларусі. І зараз мяч знаходзіцца на беларускім баку. Амерыканцаў цяжка зачараваць нейкім наборам слоў, яны, як прагматычная нацыя, арыентуюцца на дзеянні.

РР: Раніцай – грошы, вечарам — крэслы?

Анатоль Лябедзька: Так, павінны рэальныя крокі, а не балбатня. Першым такім крокам стаў абноўлены фармат амбасады ЗША. Значыцца, мусяць пашырацца кантакты, камунікацыі, праца і гэта вельмі добра.

Што яшчэ можна змяніць у беларуска-амерыканскім стасунках? За мінулы год прамыя інвестыцыі з Амерыкі ў Беларусь склалі каля 50 мільёнаў даляраў. І гэта смешная лічба, бо, вобразна кажучы, жабрак у Вашынгтоне за год больш збірае.

А што азначае для сёняшняй Беларусі заходнія інвестыцыі? Новыя тэхналогіі, эфектыўныя працоўныя месцы, рабочыя не будуць з’язджаць на працу за мяжу. Усё ўзаемазвязана. Будуць інвестыцыі – можа адбыцца рэальны скачок эканамічнага развіцця.

РР: Эканамічнае развіццё – гэта добра. А што будзе з выкананнем правоў чалавека, празрыстымі выбарамі?

Анатоль Лябедзька: Амерыканцы сказалі, што гэта не здымаецца з павесткі дня, таму пабачым, як улады здадуць гэты экзамен. Калі ў гэтым плане нешта зменіцца, то ўпэўненены, што будуць змены і ў сітуацыі з інвестыцыямі і з эканамічнай супрацай.

Наколькі мне вядома, беларускія чыноўнікі лабіравалі, каб быў адменены Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, але сёння, падчас пераходнага перыяду ў беларуска-амерыканскіх стасунках, пытанне пра гэта не стаіць.

Вельмі добра, што так адбываецца, бо гэта – прававая аснова для таго, каб падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, праваабарончыя арганізацыі і гэтак далей. Акт забяспечыць прававую аснову, каб грамадзянская супольнасць не апынулася на задворках.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя