Эстонія зацікаўленая ў павелічэнні патоку беларускіх турыстаў
Эстонія зацікаўленая ў павелічэнні патоку турыстаў з Беларусі. Пра гэта заявіў першы сакратар пасольства Эстоніі Калві Наармягі 18 верасня ў Менску, адказваючы на пытанні БелаПАН пасля прэзентацыі даччынай кампаніі эстонскага аўтаперавозчыка Lux Exspress — Lux Exspress Lines.
Станоўчым момантам у развіцці турызму паміж дзвюма краінамі ён назваў адкрыццё ў маі гэтага года прамога авіярэйсу Менск — Талін — Менск. Рэйсы выконваюцца чатыры разы на тыдзень. Паводле слоў Наармягі, попыт на гэты рэйс ёсць, „самалёты поўныя”. „Мы працуем для таго, каб беларускія турысты больш даведаліся аб Эстоніі, каб было больш магчымасцяў там пабываць”, — сказаў дыпламат.
Яшчэ адзін станоўчы крок для развіцця турызму — трыццацідзённы бязвізавы рэжым у Беларусі, які, безумоўна, уплывае на рашэнне эстонскіх турыстаў наведаць Беларусь.
Вельмі важна, што і эстонскі бізнес прыходзіць у Беларусь, дадаў дыпламат, кажучы аб адкрыцці ў краіне даччынай фірмы Lux Exspress.
З турызмам звязана і развіццё двухбаковых адносін у сферы эканомікі, адзначыў Наармягі. Ён паведаміў, што па імпарце-экспарце Беларусь знаходзіцца на 17 месцы сярод краін — партнёраў Эстоніі. „Тавараабарот паміж нашымі краінамі расце кожны год. Агульная сума экспарту і імпарту паміж дзвюма краінамі за 2018 год склала каля 400 млн еўра. Гэта добрая лічба”, — сказаў Наармягі.
Паводле інфармацыі пасольства Беларусі ў Эстоніі, у структуры экспарту ў Эстонію ў мінулым годзе пераважалі пастаўкі моцных спіртных напояў, солі, нафтапрадуктаў, коксу і бітуму нафтавых, угнаенняў калійных, фарбаў і лакаў, пліт, лістоў і плёнкі з пластмас, тары пластмасавай, лесаматэрыялаў, пліт драўняна-валакністых, фанеры клеенай, вырабаў сталярных, тканін ільняных, адзення жаночага, гарсэтных вырабаў, шкла паліраванага, пруткоў і дроту са сталі, труб з чорных металаў, медзі рафінаванай, халадзільнікаў і маразільнікаў, абсталявання для сартавання і здрабнення грунту, правадоў і кабеляў, трактароў, аўтамабіляў грузавых, мэблі, асвятляльнага абсталявання.
У таварнай структуры імпарту з Эстоніі найбольшую ўдзельную вагу займалі пастаўкі буйной рагатай жывёлы, рыбы марожанай, какава-пасты, напояў зброджаных, шлаку і попелу, лекавых сродкаў, ваты, марлі і бінтоў, замазак і шпаклёвак, паскаральнікаў вулканізацыі каўчуку, пластыфікатараў, стабілізатараў, сіліконаў, скуры, шпону драўлянага, абсталявання для тэрмічнай апрацоўкі матэрыялаў, кранаў пад’ёмных, машын і прылад для пад’ёму, перамяшчэння, пагрузкі або разгрузкі, машын і механічных прылад спецыяльнага прызначэння, апаратуры сувязі, прычэпаў і паўпрычэпаў.
У мінулым годзе ў эканоміку Беларусі прыцягнута эстонскіх інвестыцый у памеры 46 млн долараў, з іх прамых інвестыцый — 33,2 млн долараў.
Фота traveller-eu.ru/tallin