Мікалаю Казлову абвешчана папярэджанне



Выканаўцу абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалаю Казлову абвешчана папярэджанне за размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў падчас пікета па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты. Такое рашэнне прыняла 18 верасня акруговая выбарчая камісія, паведаміў БелаПАН Казлоў.

16 верасня ў Менску каля ГУМа прайшоў пікет памяці выкрадзеных 20 гадоў таму палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. Ініцыятарам акцыі выступіла Аб’яднаная грамадзянская партыя. Мерапрыемства прайшло ў рамках пікетаў па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Казлова, актывіста грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Васіля Жорава, актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Пятра Папраўкі і актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада” Сяргея Спарыша. Усяго на пікеце прысутнічала паўтара дзясятка чалавек.

„Мне вынеслі папярэджанне за гэты пікет, дзе, акрамя збору подпісаў, мы павесілі банер” 20 гадоў — мы памятаем”, — сказаў Казлоў. — 16 верасня была гадавіна выкрадання Віктара Ганчара, члена АГП. Натуральна, я ўспомніў пра гэта на пікеце. Як былы супрацоўнік крымінальнага вышуку, я ўпэўнены, што следства мае дастатковыя звесткі, каб знайсці і пакараць вінаватых”.

Паводле слоў Казлова, члены акруговай камісіі палічылі банер „20 гадоў — мы памятаем” агітацыйным матэрыялам. „Яны лічаць, што, акрамя біяграфіі і фота вылучэнца ў кандыдаты, мы нічога не можам болей паказаць, — сказаў Казлоў. — Гэта выпустошванне кампаніі, спроба зрабіць яе безаблічнай, нецікавай і нікому не патрэбнай. Гэта абсурд, таму што чалавек, які ставіць подпіс , павінен разумець, за каго яе ставіць”.

Казлоў мае намер абскардзіць папярэджанне, а таксама праінфармаваць аб тым, што здарылася, назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ.

Увечары 16 верасня 1999 года Ганчар, які першапачаткова быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і яго сябар Красоўскі прыехалі ў лазню, што ў Менску на вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў „Джып-Чэрокі”, які належаў Красоўскаму.

Крымінальная справа па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Менска. Паводле даных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзены асколкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці вывадаў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.

Чацвёра грамадзян Беларусі, якіх Еўразвяза лічыць датычнымі да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999—2000 гадах, да гэтага часу знаходзяцца пад дзеяннем візавых і эканамічных санкцый. У іх ліку — былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў, які ў перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, і Дзмітрый Паўлічэнка, былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС.

belapan.by