У Бруселі хочуць стварыць парафію польскай праваслаўнай царквы



Праваслаўныя вернікі з Падляшша шукаюць ў Бруселі месца для свайго праваслаўнага прыхода. Больш за 600 чалавек падпісаліся пад зваротам да Мітрапаліта Варшаўскага і ўсёй Польшчы Савы з просьбай стварыць ў Бруселі  парафію польскай праваслаўнай царквы, паведаміў айцец Павал Цэха, які ўжо ў бліжэйшую нядзелю адслужыць  ў Бруселі першую літургію  для сваіх вернікаў:

– У нядзелю будзем служыць літургію з бельгійскім мітапалітам у грэчаскім саборы. Пасля 8 лютага будзе наша першая літургія ў новым прыходзе. Гэта яшчэ не будзе нашая новая царква, а экуменічная часоўня, дзе два разы на месяц будуць праходзіць службы. Шукаем сваё месца, сваю царкву. У Бруселі гэта зрабіць даволі складана. Тамтэйшы мітрапаліт дапамагае нам знайсці месца пад будаўніцтва царквы.

Службы ў экуменічнай часоўні ў цэнтры Бруселя  (непадалёк Еўрапаламента) з 8 лютага будуць праходзіць кожную другую нядзелю. Настаяцелем  новай парафіі будзе айцец Павал.

Ужо заўтра ў Бруселі праваслаўныя вернікі з Падляшша, сярод якіх многа беларусаў, ладзяць для сваіх дзяцей калядную сустрэчу.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ria.ru