ПСЖ разграміў «Рэал» у першым туры Лігі чэмпіёнаў
Французскі «Пары Сен-Жэрмен» разграміў мадрыдскі «Рэал» у першым туры футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Ужо ў першым тайме сустрэчы ў Парыжы Анхель Ды Марыя двойчы засмуціў брамніка Цібо Куртуа. Пасля перапынку футбалісты «Рэала» спрабавалі адыграцца, але поспеху не дамагліся. У кампенсаваны час гаспадары павялічылі сваю перавагу пасля дакладнага ўдару Томаса Мёнье – 3:0 на карысць ПСЖ. У іншым матчы групы бельгійскі «Бруге» на сваім полі згуляў унічыю з турэцкім «Галатасараем» – 0:0. У групе B «Тотэнхэм» забіўшы ў першым тайме два гола намаганнямі Кейна і Моуры не ўтрымаў перавагу ў гасцявым матчы з «Алімпіякасам» 2:2. «Баварыя» разграміла на хатняй арэне сербскую «Црвену Звезду» 3:0. Адзін гол на рахунку польскага нападніка Роберта Левандоўскі. Яго каманда захапіла лідарства ў групе. У групе С данецкі «Шахцёр» быў разгромлена на хатняй арэне «Манчэстэр Сіці» 0:3, а заграбскае «Дынама» не пакінула шанцаў італьянскай «Аталанце» 4:0. У квартэце D маскоўскі «Лакаматыў» нечакана абыграў у гасцях ліверкузенскі «Баер» 2:1 і дзякуючы нічыі мадрыдскага «Атлетыка», які адыграўся з 0:2 у матчы з «Ювентусам» (2:2), узначаліў групу. Сёння вечарам матчы першага тура групавога этапу адбудуцца ў другім па рангу кантынентальным турніры – Лізе Еўропы.
«Зубры» абыгралі ў авертайме «Амур»
Хакеісты менскага «Дынама» перамаглі ў трэцім матчы хатняй серыі аўтсайдэра КХЛ хабараўскі «Амур» з лікам 1:0. У авертайме адзіную шайбу закінуў абаронца гаспадароў «Менск-Арэны» Марк-Андрэ Граньяні. Пасля сустрэчы з «Амурам» менчукі правядуць на хатнім лёдзе яшчэ адзін паядынак: 21 верасня – з фінскім «Йокерытам».
«Мянчанка» выйграе другі матч у Кубку Расеі
Валейбалісткі «Мянчанкі» на тай-брэйку выйгралі другі матч папярэдняга раўнда Кубка Расеі, перамогшы «Уфімачку» з лікам 3:2. Самай выніковай у шэрагах «Мянчанкі» стала Кацярына Сакольчык, на рахунку якой 31 ачко. Наступным супернікам беларусак сёння будзе калінінградскі «Лакаматыў».
Асаёнак толькі 14-я на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы
На чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы ў Тайландзе завяршыліся старты спартовак у вагавой катэгорыі 45 кг. Прадстаўніца Беларусі Юлія Асаёнак завяршыла спаборніцтвы па-за тройкі прызёраў. Спартоўка з Берасця паспяхова справілася з усімі сваімі спробамі, скарыўшы па суме двухбор’я 125 кг (рывок 54 + штуршок 71). На жаль, для месца на пʼедэстале гэтага было недастаткова. Вынік – 14-е месца ў пратаколе. Золата выйграла турчанка Шазіе Эрдаган дзякуючы выніку 169 кг. У стартах мужчын вагавой катэгорыі 55 кг беларусы не выступалі. Пераможцам стаў атлет з КНДР Юн Ом Чол, які паказаў у двухборʼі 294 кілаграмы.
Баксёры не прывезлі медалёў з Екацярынбургу
Беларускія баксёры скончылі свае выступы на чэмпіянаце свету, які праходзіць у Екацярынбургу. Міхаіл Даўгалевец у вагавай катэгорыі 81 кг у паядынку за права выхаду ў 1/4 фіналу супраць расіяніна Георгія Кушыташвілі прайграў аднагалосным рашэннем суддзяў (0: 5) і выбыў з медалёвай гонкі. Як паведамлялася, свае выступы за ўзнагароды таксама скончылі Віталь Бандарэнка, Яўген Даўгалевец і Мікалай Шах. У 2015 годзе беларус Дзмітрый Асанаў заваяваў бронзавы медаль чэмпіянату свету. З гэтага часу беларускія баксёры не падымаліся на пʼедэсталы гонару сусветных форумаў.
Беларускія гімнасткі на другім месцы ў камандным турніры ў Баку
Беларускі займаюць другое прамежкавае месца ў камандным турніры на чэмпіянаце свету па мастацкай гімнастыцы ў Баку пасля трэцяга дня спаборніцтваў. Напярэдадні грацыі, якія спецыялізуюцца на сольных выступах, праходзілі кваліфікацыйныя выпрабаванні ў практыкаваннях з булавамі і стужкай. Беларускі трапілі ў спаборніцтвы з першым прадметам. Тут традыцыйна не было роўных расейскім сёстрам Аверыным. Беларускі Кацярына Галкіна і Аліна Гарноська размясціліся на 5-м і 6-м месцах. Анастасія Салос заняла 15-ю пазіцыю Дзякуючы гэтым вынікам беларускі ў камандным заліку падняліся з чацвёртай на другую пазіцыю прамежкавага пратаколу.
Беларускае Радыё Рацыя