Лукашэнка: Ніякія дзеці ў мяне не рыхтуюцца ні да якога транзіту ўлады
На нарадзе 19 верасня па выніках развіцця ў гэтым годзе і прагнозах на наступны Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму выбараў (у лістападзе гэтага года ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары, у 2020 годзе — прэзідэнцкія).
„Я ведаю, што ў многіх з вас і ў асобных іншых чыноўнікаў у галаве думка: выбары і іншае, як будзе, хто будзе працаваць. Публічна вам адказваю на гэтае пытанне: той, хто сёння працуе і выконвае прагнозы, планы, прыносіць краіне карысць, працаваць будзе, натуральна. У мяне няма палітыкі асабліва набліжаных, аддаленых”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
„Ці як папісваюць у інтэрнэце: „Лукашэнка, транзіт улады, хто будзе пры ўладзе…”. Дзяцей пачынаюць перабіраць. Дык вось паслухайце: ніякіх дзяцей не перабірайце, ніякія дзеці ў мяне не рыхтуюцца ні да якога транзіту ўлады. Працаваць са мной, як і раней, будуць толькі тыя, хто хоча працаваць. І хто ўмее мяне слухаць і выконваць мае даручэнні”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
У Аляксандра Лукашэнкі тры сыны. Старэйшы, 43-гадовы Віктар Лукашэнка, працуе памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. Сярэдні, 39-гадовы Дзмітрый Лукашэнка, — старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Малодшаму, Мікалаю Лукашэнку, нядаўна споўнілася 15 гадоў, ён вучыцца ў школе.