Лукашэнка прыняў рашэнне аб спрашчэнні візавага рэжыму
Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне пра падпісанне пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Еўразвязам, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 20 верасня на брыфінгу ў Менску.
Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ЕЗ і Беларусь вядуць з 2014 года. 12 ліпеня гэтага года Афіцыйны журнал ЕЗ апублікаваў рашэнне Савета Еўразвяза аб унясенні зменаў у Візавы кодэкс, якія прадугледжваюць у тым ліку павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра. Прымяняць новы візавы збор пачнуць з 2 лютага 2020 года.
У прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі БелаПАН раней тлумачылі, што, незалежна ад даты падпісання візавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕЗ, пасля яго ўваходжання ў сілу кошт шэнгенскіх віз для Беларусі складзе 35 еўра. Каментуючы змены, унесеныя ў Візавы кодэкс ЕЗ, у прадстаўніцтве адзначылі, што „павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаныя паміж ЕЗ і шэрагам трэціх краін, такіх як Расея, Арменія і Азербайджан”.
Еўразвяз настойваў, каб у пакеце з візавым пагадненнем было падпісана пагадненне аб рэадмісіі.