Вадзім Іосуб: Сітуацыя ў Саудаўскай Аравіі на рублі не скажацца



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавёў, як адаб’ецца на нацыянальнай валюце сітуацыя ў Саудаўскай Аравіі.

Нагадаем, што серыя тэрактаў выклікала скарачэнне здабычы нафты ў Саудаўскай Аравіі, і гэта адразу адбілася на тым, што пачаўся рост коштаў на “чорнае золата” на сусветным рынку. Ці скажацца гэта на беларускім валютным рынку?

Вадзім Іосуб: Мяркую, што ніяк не скажацца. Кошт нафты – гэта дастаткова важны параметр для беларускай эканомікі з улікам той ролі, якая ў Беларусі адводзіцца нафтаперапрацоўцы. Але тут трэба разумець, што трэнды на рост ці падзенне нафтавых коштаў уплываюць з дастатковай затрымкай, прыкладна ў адзін альбо два кварталы.

РР: Што адбылося з коштамі на нафту пасля падзей у Саудаўскай Аравіі?

Вадзім Іосуб: Спачатку яна рэзка падскочыла з 59 даляраў за барэль маркі Brent да 68 і пасля гэтага на працягу двух дзён, калі пайшла інфармацыя, што Саудаўская Аравія ў хуткім часе можа аднавіць аб’ёмы здабычы нафты і нафтаперапрацоўкі, то кошт ужо знізіўся да 63 даляраў. Па сутнасці, адыграна палова роста.

Таму, на мой погляд, гэта разавая падзея на рынку, а не трэнд. І да таго часу (праз 3-6 месяцаў), калі беларуская эканоміка і беларускі рубель маглі б неяк адрэагаваць на сітуацыю, пра гэтую падзею рынак, магчыма, ужо і забудзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя