Вечарына памяці Юркі Гуменюка
У Гародні адбылася вечарына памяці беларускага паэта, журналіста Юркі Гуменюка. Два гады таму ён загінуў пры трагічных абставінах.
Юрку Гуменюка, беларускага паэта, творцу, згадалі ў Гародні на вечарыне, прысвечанай другой гадавіне яго смерці. Некалькі дзясяткаў гарадзенцаў слухалі ўспаміны пра паэта, дэкламацыю ягоных вершаў, а таксама пакладзеную на вершы песні.
Паводле літаратаркі Алы Петрушкевіч, Юрка Гумянюк застаецца загадкай у найноўшай гісторыі:
– Натуральна, што нас усіх вельмі непакоіць і вельмі хвалюе загадка ягонага сыходу. Паэт марыць пра тое, каб засталося слова, каб засталіся ягоныя творы. А як яны могуць застацца? Не памятаць сёння Юру – гэта забіць ягоную паэзію. Калі мы перастанем гаварыць пра яго, перастанем ушаноўваць яго, значыць мы спрычынімся да няпамяцтва, да знішчэння нашага паэта.
Прыемнай навіной сталася інфармацыя ад літаратара Алеся Аркуша, што выходзяць кніжкі пра Юрку Гуменюка. Кнігі “Мясцовы час” і Краіна няйздзейненых мараў”, адна пад аўтарствам, а другая пад укладаннем Алеся Аркуша былі паказаны публіцы вечарыны, як напамін пра паэта. Бо пакуль жывы творы, пакуль яны гучаць – датуль жывы паэт.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара
* * *
Свайго калегу ўзгадваюць Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюзу Беларускіх пісьменнікаў.
[Not a valid template]
Гаворыць паэт Алесь Аркуш:
– У гэты дзень я буду прэзентаваць свой раман “Мясцовы час”. Галоўным героем раману з’яўляецца Юра Гумянюк. Гэтымі днямі спаўняецца два гады з дня ягонай смерці. Так здарылася, што якраз напярэдадні раман і выйшаў.
19 студзеня 2013 году Юры Гумянюк выпаў з дзявятага паверху інтэрнату па вуліцы Сухамбаева, што знаходзіцца побач з ягоным домам. Ён з’яўляецца аўтарам кніг паэзіі, п’есаў для дзяцей, якія паставіў Гарадзенскі тэатр лялек.
Беларускія рок-гурты «Грунвальд», «Айша», а таксама асобныя выканаўцы стварылі на тэксты Юрыя Гуменюка каля двух дзясяткаў песняў.
Пачатак імпрэзы: а 17-00 гадзіне па адрасе вул. Будзёнага 48 A – 63. Уваход вольны.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя