Павел Левінаў: Абласная выбарчая камісія – цалкам непрацоўны орган



Уключэнне віцебскага праваабаронцы ў склад абласной выбарчай камісіі стала пэўнай сенсацыяй сёлетняй парламенцкай кампаніі.

 

Даведаўшыся пра гэта, Павел Левінаў сказаў, што цяпер камісіі сумаваць не давядзецца. Цяпер ён вымушаны канстатаваць, што праца там і насамрэч не надта актыўная:

– Увогуле гэты орган – непрацоўны. Апроч таго, што камісія арганізуе дзяжурства і збіраецца на пасяджэнні, ніякай працы не вядзецца. Напрыклад, я не чуў, каб яшчэ нейкі чалец абласной камісіі наведваў акруговыя камісіі. Я наведаў ужо 10 камісіяў у вобласці.

Таксама Павел Левінаў наведвае пікеты па зборы подпісаў, сустракаецца з патэнцыйнымі кандыдатамі і падрыхтаваў цэлы шэраг прапановаў, якія камісія мае разгледзець на наступным пасяджэнні. Сярод іх прапанова, каб чальцам абласной камісіі было дазволена наведваць участковыя камісіі і прысутнічаць на ўчастках для галасавання. Таксама ён прапануе наладзіць справаздачы кіраўнікоў па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя на выбарчых участках. Неабходна і аптымізаваць інфармаванне выбарцаў, і зваротную сувязь з імі, кажа праваабаронца:

– Камісія мусіць інфармаваць грамадзянаў аб правядзенні кампаніі. Але ў яе няма ні свайго сайта, ні нават старонкі ў сацыяльных сетках. Мной прапанавана стварыць сайт, на дзвюх мовах, і стварыць старонку ў Фэйсбуку. Апроч таго, у камісіі нават няма публічнага электроннага адрасу. Чалавек не можа даслаць у камісію дакументы, звярнуцца з нейкім пытаннем.

Афіцыйны сайт камісіі абавязкова павінны мець беларускамоўную версію, падкрэслівае Павел Левінаў. Тым болей, што на старонках выканкамаў Віцебшчыны інфармацыя пра выбары па-беларуску адсутнічае ўвогуле.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя